Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 мая 2016, 17:37

Макей: папрокі Літвы наконт бяспекі БелАЭС незразумелыя

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Папрокі Літвы наконт бяспекі БелАЭС незразумелыя, заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нам незразумелыя папрокі літоўскіх партнёраў у тым, што датычыцца забеспячэння бяспекі нашага рэактара", - сказаў міністр. Ён звярнуў увагу, што пры правядзенні неабходных стрэс-тэстаў спецыялісты прыйшлі да высновы: калі б рэактар таго тыпу, які будзе на БелАЭС, быў пабудаваны на "Фукусіме", то такой трагедыі там не здарылася б.

Беларусь як краіна, якая больш за ўсё пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы, ніколі не будзе будаваць небяспечную станцыю, падкрэсліў ён. Кіраўнік МЗС пракаменціраваў прэтэнзіі наконт таго, што рэактар будучай БелАЭС нібыта эксперыментальны і небяспечны. "Ён зусім ніякі не эксперыментальны. Гэта ўдасканаленая версія таго рэактара, які ўжо дастаткова эфектыўна і бяспечна працуе ў многіх краінах, у тым ліку Еўрапейскага саюза", - падкрэсліў Уладзімір Макей.

Міністр канстатаваў, што апошнім часам вакол эканамічнага праекта, якім з'яўляецца будаўніцтва БелАЭС, разгарнулася палітычная вакханалія. Ён нагадаў, што літоўскія партнёры займалі канструктыўную прагматычную пазіцыю ў частцы адмены санкцый ЕС адносна Беларусі, за што беларускі бок ім удзячны. Аднак, падтрымаўшы адмену санкцый, літоўскія партнёры другой рукой галасуюць за тое, каб шэраг фінансавых еўрапейскіх інстытутаў не супрацоўнічаў з Беларуссю па інфраструктурных праектах, якія так ці інакш могуць быць звязаны з будаўніцтвам БелАЭС. "То бок калі мы, займаючыся развіццём нашай інфраструктуры, збіраемся будаваць дарогі за кошт крэдытаў еўрапейскіх фінансавых інстытутаў, то гэта азначае, што гэта дарога можа быць выкарыстана для падвозу тавараў, прадукцыі для будаўніцтва атамнай станцыі. Такім чынам, нельга супрацоўнічаць з Беларуссю па гэтых праектах. Такая пазіцыя абсалютна незразумелая. Гэта азначае фактычна новыя завуаліраваныя санкцыі", - лічыць кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі