Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 снежня 2017, 19:08

Мадэрнізацыя вытворчасцей у райцэнтрах дае магчымасць вырашыць пытанні занятасці насельніцтва на месцах - Рыжанкоў

15 снежня, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Важным вынікам мадэрнізацыі прадпрыемстваў, размешчаных у малых гарадах, з'яўляецца вырашэнне праблем занятасці насельніцтва. Такое меркаванне выказаў журналістам першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў сёння ў час рабочай паездкі ў Добрушскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Максім Рыжанкоў азнаёміўся з арганізацыяй вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў кардону на Добрушскай папяровай фабрыцы "Герой працы" кіруючай кампаніі холдынга ААТ "Беларускія шпалеры", сустрэўся з працоўным калектывам прадпрыемства.

"Стварэнне сучасных вытворчасцей адкрывае добрыя перспектывы для развіцця рэгіёнаў. Гэта дае магчымасць вырашыць праблему з адтокам падрыхтаваных кадраў у вялікія гарады і за мяжу. Людзі могуць рэалізаваць сябе не толькі ў сталіцы або абласных цэнтрах, але і ў малых гарадах, дзе ёсць дастойная работа, развітая інфраструктура, усё тое, што патрэбна чалавеку для паспяховага жыцця. У гэтым плане я за Добруш вельмі рады", - сказаў Максім Рыжанкоў.

Ён таксама пракаменціраваў сітуацыю з затрымкай увядзення мадэрнізаванай вытворчасці ў эксплуатацыю, якая ўзнікла з-за рознагалоссяў з кітайскім падрадчыкам. "Гэту тэму я маю намер пасля вяртання ў Мінск вельмі сур'ёзна адпрацаваць з урадам. Мы не можам сабе дазволіць траціць сродкі на ахову, ацяпленне, абслугоўванне вытворчасці, якая не працуе", - адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі. Ён запэўніў, што ўрад у самы кароткі тэрмін прыме неабходныя рашэнні па хутчэйшым уводзе ў строй новай вытворчасці.

Максім Рыжанкоў адказаў на пытанні работнікаў Добрушскай папяровай фабрыкі. У прыватнасці, былі абмеркаваны тэмы дапрацоўкі дэкрэта нумар 3, стану мясцовых дарог, спартыўнага і культурнага правядзення вольнага часу.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі наведаў таксама раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, краязнаўчы музей, прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця XXI Міжнароднага турніру па міні-футболе памяці свайго бацькі - першага міністра спорту і прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Уладзіміра Рыжанкова.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі