Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 лістапада 2018, 18:48

Лісяня Лесік стане талісманам ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску

29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Мінску прадставілі талісман ІІ Еўрапейскіх гульняў. Сімвалам галоўнай спартыўнай падзеі ў Беларусі ў наступным годзе стане лісяня Лесік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Удзел у прэзентацыі прынялі зорныя паслы ІІ Еўрапейскіх гульняў прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар, алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ Аляксандр Багдановіч, прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій, міністэрстваў і ведамстваў, знакамітыя спартсмены, прадстаўнікі шоу-бізнесу і партнёры гульняў, выхаванцы дзіцячых SOS-вёсак і кандыдаты ў валанцёры. Прэзентацыя атрымалася яркай і маляўнічай дзякуючы прадстаўніку Беларусі на конкурсе дзіцячае "Еўрабачанне"-2018 Даніэлю Ястрэмскаму, групе "Аўра" і танцавальным калектывам.

Арганізатары расказалі пра легенду з'яўлення Лесіка, якая аб'ядноўвае вядомы ва ўсім свеце твор літаратуры і беларускую міфалогію. У казцы пра Маленькага прынца было лісяня, якое навучыла галоўнага героя сапраўднай дружбе. Аднак калі Маленькі прынц паляцеў на сваю планету, лісяня засталося, і ўсе яго думкі былі толькі аб тым, як знайсці новых сяброў. Пошукі былі доўгімі, лісяняці даводзілася пастаянна прыслухоўвацца, таму яго вушы прыкметна выраслі, але аднойчы ён даведаўся, што існуе кветка, якая спаўняе ўсе жаданні, - легендарная беларуская Папараць-кветка. Лісяня адправілася ў Беларусь, каб знайсці яе і здзейсніць сваю мару. Шлях у яго быў не блізкім, яму давялося зрабіць мільён крокаў, што можа даказаць яго фітнес-бранзалет.

Лесік апрануты ў шорты і майку, на ім бейсболка з надпісам - слоганам ІІ Еўрапейскіх гульняў. Яго колеры адпавядаюць духу спаборніцтваў: чорны сімвалізуе рашучасць, жоўты - жыццярадаснасць, зялёны - развіццё, сіні - несакрушальнасць, а чырвоны - энергічнасць.

Намеснік дырэктара фонду "Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019" Анатоль Котаў расказаў журналістам, што арганізатары пры выбары талісмана атрымалі каля 2 тыс. работ. "Пасля таго як былі адабраны фінальныя варыянты, над ім яшчэ паўгода працавалі прафесійныя мастакі. Упэўнены, талісман будзе ўсім дарыць свята ў час падрыхтоўкі і правядзення гульняў. Хочацца, каб гэта лісяня стала сапраўдным сябрам балельшчыкам па ўсім свеце", - сказаў Анатоль Котаў.

Першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі дадаў, што ўдзел у конкурсе прымалі як дзеці, так і прафесійныя мастакі. "Амаль 500 работ з Мінска, 1500 - з рэгіёнаў нашай краіны, нават з Узбекістана і Егіпта былі прапановы. Вядома, самае складанае - вызначыцца з пераможцам, таму прынялі рашэнне вылучыць групу лаўрэатаў конкурсу - яны не перамаглі, але мы адзначылі іх у час прэзентацыі талісмана", - сказаў ён.

Талісман Лесік ужо актыўны ў сацсетках, у яго з'явілася свая старонка ў Instagram - Lesik_2019.

ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Больш за 4 тыс. спартсменаў разыграюць 200 камплектаў медалёў у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў дзевяці відах стануць кваліфікацыйнымі да Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі