Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 кастрычніка 2017, 15:05

Лепшым распрацоўкам па выніках канферэнцыі "Моладзь у навуцы" будзе аказана падтрымка

30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лепшым распрацоўкам па выніках XIV Міжнароднай навуковай канферэнцыі маладых вучоных "Моладзь у навуцы - 2.0'17" будзе аказана падтрымка, паведаміў сёння журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Падтрымка маладых вучоных для нас у прыярытэце - гэта ў інтарэсах нашай краіны, у інтарэсах развіцця навукі ў цэлым. У нашай канферэнцыі ўдзельнічаюць не толькі пачаткоўцы - магістранты, аспіранты, але і маладыя вучоныя, кандыдаты навук, якія замацаваліся ў навуцы, яны падзеляцца сваім вопытам. Моладзь выступіць з дакладамі, прадставіць свае праекты, будзе працаваць шэраг секцый па розных напрамках. Маладым вучоным трэба вучыцца пазіцыянаваць свае даследаванні, прадстаўляць іх, укараняць і атрымліваць практычныя вынікі. Па выніках канферэнцыі мы разгледзім прапановы маладых вучоных і прымем рашэнне як аб укараненні пэўных распрацовак, так і ў цэлым аб падтрымцы моладзі ў навуцы. Ёсць пытанні і па павышэнні зарплаты, і па жыллі, якія мы паэтапна вырашаем", - сказаў Уладзімір Гусакоў.

Старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Андрэй Іванец расказаў аб значных праектах, якія будуць прадстаўлены на канферэнцыі. "Напрыклад, прыехалі нашы калегі з Расіі, з Аб'яднанага інстытута ядзерных даследаванняў у Дубне. Яны прадставяць праекты, якія выконваюцца сумесна з беларускімі маладымі вучонымі і маюць вялікае фундаментальнае значэнне. Усе чулі пра базон Хігса, адкрыццё новых элементарных часціц, новых хімічных элементаў. Гэта навука будучыні", - адзначыў ён. Таксама на канферэнцыі будуць прэзентаваны праекты ў сферы новых матэрыялаў - у першую чаргу, гэта матэрыялы для медыцыны, авіяцыі, космасу. Акрамя таго, будуць шырока прадстаўлены біятэхналогіі ў галіне медыцыны, сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя.

XIV Міжнародная навуковая канферэнцыя маладых вучоных "Моладзь у навуцы - 2.0'17" праходзіць з 30 кастрычніка па 2 лістапада ў Мінску. На канферэнцыі будуць прадстаўлены найбольш значныя міжнародныя і міждысцыплінарныя праекты, навуковыя распрацоўкі, якія рэалізуюцца з удзелам маладых вучоных. У праграме запланаваны даклады маладых вучоных, майстар-класы, пленарныя лекцыі, панэльныя дыскусіі і круглыя сталы. Новыя навуковыя распрацоўкі маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі будуць прадстаўлены ў час канферэнцыі ў фармаце інтэрактыўных прэзентацый і выстаўкі.

Удзел у канферэнцыі прымаюць больш за 300 вучоных з 12 краін, сярод якіх Расія, Германія, Аўстрыя, Казахстан, Украіна, Польшча, Азербайджан, Арменія, Егіпет. Гэта канферэнцыя стане адным з буйнейшых маладзёжных навуковых мерапрыемстваў Года навукі ў Беларусі. Канферэнцыя "Моладзь у навуцы" - прэстыжная пляцоўка для прэзентацыі праектаў таленавітай моладзі краін СНД, а таксама блізкага і далёкага замежжа. Арганізатар форуму - Савет маладых вучоных НАН Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі