Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 жніўня 2017, 19:44

Курынае мяса з перавышэннем нормы фіпранілу ў Беларусь трапіць ніяк не можа - Мінсельгасхарч

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Курынае мяса з перавышэннем нормы фіпранілу ў Беларусь трапіць ніяк не можа, заявіў карэспандэнту БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў, каменціруючы інфармацыю аб выяўленні ў Польшчы курынага мяса з трохкратным перавышэннем фіпранілу.

"З Польшчы з пачатку года мяса птушкі ў Беларусь наогул не завозілася - дзейнічала забарона на ўвоз. Яна была адменена ў гэты панядзелак, 21 жніўня, але ніводная партыя завезена не была, дазволу яшчэ ніхто не атрымліваў. У сувязі з апошняй інфармацыяй Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду пакуль прыпыняе выдачу такіх дазволаў да высвятлення ўсіх абставін. Таму мяса птушкі з перавышэннем нормы фіпранілу ніяк не можа трапіць у Беларусь", - падкрэсліў ён.

Аляксей Багданаў удакладніў, што з Германіі ў Беларусь мяса птушкі таксама ў гэтым годзе не паступала. "Мы імпартуем мяса птушкі з Еўропы ў адпаведнасці з квотамі ў рамках ЕАЭС - гэта каля 10 тыс. т у год. Курыныя яйкі мы не імпартуем наогул", - растлумачыў ён.

У Беларусі атрымліваюць каля 4 млрд штук яек у год. Краіна поўнасцю закрывае патрэбнасці ўнутранага рынку і экспартуе каля 900 млн штук у год. За першае паўгоддзе 2017 года экспарт яек склаў 385 млн штук на $18,3 млн.

Як паведамлялася, у пачатку жніўня ў Еўропе з продажу знялі некалькі мільёнаў атручаных яек. Таксічныя яйкі былі выяўлены ў магазінах і на складах у Бельгіі, Галандыі, Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі - у іх была ў саставе высокая колькасць небяспечнай атруты фіпранілу. Гэта рэчыва выкарыстоўваецца для вытраўлення вошай, блох і кляшчоў, прэпарат забаронены для прымянення на жывёлах, мяса якіх прызначаецца для ўжывання ў ежу чалавекам.

Выяўленне курынага мяса з перавышэннем нормы фіпранілу ў тры разы пацвердзіў сёння галоўны ветэрынарны ўрач Польшчы Павел Нямчук. Бройлеры былі ўвезены з Германіі ў канцы ліпеня, але нямецкія ўлады папярэдзілі суседзяў аб магчымым утрыманні рэчыва толькі напярэдадні. Птушак паставілі на тры прадпрыемствы ў гарадах Гданьск, Гдыня і Новы-Двур-Мазавецкі. Пводле слоў ветурача, мяса не трапіла ў перапрацоўку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі