23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць палігонаў для пахавання цвёрдых камунальных адходаў у Беларусі плануецца скараціць удвая. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Марына Тоўсцік у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА, арганізаванага газетай "7 дней".
"Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі сумесна з ДУ "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў" распрацавала праект дзяржаўнай праграмы. У прыватнасці, ён прадугледжвае скарачэнне колькасці палігонаў як мінімум удвая за кошт будаўніцтва міжрэгіянальных палігонаў. Праектам прадугледжаны, напрыклад, адзін вялікі палігон для некалькіх раёнаў, яго размяшчэнне будзе роўнааддаленае і зручнае для ўсіх", - адзначыла Марына Тоўсцік.
Паводле яе слоў, такі падыход дасць магчымасць скараціць агульныя затраты на перапрацоўку ЦКА.
Паводле даных Мінпрыроды на 1 верасня, у Беларусі функцыянуе 168 вялікіх палігонаў для пахавання ЦКА і 1 238 міні-палігонаў у сельскай мясцовасці. Каля 16 працэнтаў цвёрдых камунальных адходаў ідзе на перапрацоўку і 84 працэнты - на пахаванне на палігонах. За 2016 год у Беларусі ўтварылася 4,3 млн т цвёрдых камунальных адходаў.-0-