Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 снежня 2017, 15:22

Колькасць аграсядзіб у Беларусі будзе расці - эксперт

11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць аграсядзіб у Беларусі будзе расці. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказала старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Валерыя Кліцунова перад пачаткам IХ Міжнароднай канферэнцыі па аграэкатурызме.

Валерыя Кліцунова нагадала, што ў кастрычніку быў падпісаны ўказ нумар 365, які здымае бар'еры для развіцця агратурызму ў краіне. "Думаю, колькасць аграсядзіб павялічыцца пасля ўступлення гэтага дакумента ў сілу. Амаль паўтара года ішлі яго абмеркаванні, і ў выніку ўказ атрымаўся выдатны, ён зняў тыя моманты, якія былі не зусім зразумелыя", - сказала яна.

Напрыклад, цяпер у аграсядзібах можна будзе праводзіць масавыя мерапрыемствы: семінары, юбілеі, вяселлі. Дакладна вызначана паняцце асабістай падсобнай гаспадаркі. "Таксама з'явілася выдатная магчымасць будаваць гасцявыя дамы. Многія турысты хочуць жыць асобна, а да гэтага часу гасцявыя дамы нельга было рабіць. Зняты праблемы з курортнымі зонамі - раней там нельга было займацца аграэкатурызмам", - расказала старшыня праўлення БГА "Адпачынак у вёсцы".

Валерыя Кліцунова лічыць, што менавіта агратурызм можа стаць адным з самых прывабных відаў адпачынку для іншаземцаў у Беларусі. "Суперпомнікі ёсць у многіх краінах, а такая аўтэнтычнасць, душэўнасць ёсць толькі ў нас. Гэты напрамак трэба развіваць, паколькі тут сапраўды ёсць канкурэнтныя перавагі", - адзначыла субяседніца.

IХ Міжнародная канферэнцыя па аграэкатурызме - буйнейшая дзелавая падзея ў Беларусі, прысвечаная развіццю аграэкатурызму і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў рэгіёнах і сельскай мясцовасці. Сярод арганізатараў мерапрыемства - Белаграпрамбанк, Міністэрства спорту і турызму, БГА "Адпачынак у вёсцы". У час канферэнцыі абмяркоўваюцца перспектывы развіцця агратурызму ў Беларусі і формы падтрымкі суб'ектаў аграэкатурызму, садзейнічанне развіццю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, эфектыўныя формы ўдзелу моладзі ў аграэкатурызме.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі