Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 мая 2018, 19:24

Кіраўніцтва Мінпрацы растлумачыла аспекты рэалізацыі дэкрэта аб садзейнічанні занятасці на семінары ў Гомелі

18 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Пытанні арганізацыі работы па рэалізацыі дэкрэта нумар 1 "Аб садзейнічанні занятасці" абмеркаваны з удзелам міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч на семінары ў Гомельскім аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Удзельнікі сустрэчы - дэпутаты аблсавета, гаррайсаветаў, намеснікі старшынь выканкамаў, кіраўніцтва камітэта і ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, прадстаўнікі ЖКГ, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, праваахоўнікі і г.д.

Ірына Касцевіч звярнула ўвагу, што мэта дэкрэта аб садзейнічанні занятасці - максімальна палепшыць сітуацыю на рынку працы. Яна падкрэсліла, што рэалізацыя норм дакумента - гэта сумесная праца розных службаў, структур, ведамстваў, і асноўная агульная задача - забяспечыць занятасць і індывідуальны падыход да кожнага чалавека, не дапусціць сацыяльнай напружанасці.

Міністр адзначыла, што сітуацыя на рынку працы паляпшаецца. На яе думку, гэтаму садзейнічае як эканамічны рост, так і тая шматвектарная работа, якая праводзіцца ў рэгіёнах па садзейнічанні занятасці. Так, агульная колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы, у сакавіку бягучага года склала 4 346,6 тыс. чалавек, гэта амаль на 6 тыс. больш у параўнанні са студзенем. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі на 1 мая склаў 0,5 працэнта да эканамічна актыўнага насельніцтва. Па Гомельскай вобласці ён аказаўся на 0,1 працэнта вышэйшы. У якасці беспрацоўных у рэгіёне зарэгістраваны 3 714 чалавек. Пры гэтым у банку вакансій на аднаго беспрацоўнага прыпадае 2,4 прапановы.

Як падкрэсліла Ірына Касцевіч, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і ў далейшым павінны быць арыентаваны на правядзенне актыўнай палітыкі садзейнічання занятасці насельніцтва, стымуляванне працоўнай занятасці і самазанятасці, падтрымку прадпрымальніцкай ініцыятывы, забеспячэнне легалізацыі працоўнай дзейнасці.

Таксама кіраўнік ведамства праінфармавала, што да 1 снежня завершыцца стварэнне базы даных працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы, пілотную версію плануецца падрыхтаваць да 1 верасня. У далейшым база будзе актуалізавацца штоквартальна. Акрамя таго, цяпер завяршаецца фарміраванне складу пастаянна дзеючых камісій па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, рыхтуецца пералік цяжкіх жыццёвых сітуацый, якія будуць служыць падставай для выключэння з базы працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Ірына Касцевіч заклікала ўдзельнікаў семінара падзяліцца і сваім вопытам у гэтым напрамку. "Мы збяром з усёй краіны прыклады цяжкіх жыццёвых сітуацый, каб максімальна напоўніць пералік. Гэтыя рэкамендацыі будуць затым накіраваны камісіям для работы", - растлумачыла яна.

Міністр нагадала, што уключаныя ў спіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, з 1 студзеня 2019 года будуць аплачваць па цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне паслуг, гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка 2019 года - газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых абагравальных прыбораў і цеплазабеспячэнне.

На семінары абмеркавалі шэраг арганізацыйных і практычных момантаў, таксама ўдзельнікі сустрэчы змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць. Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Алексіна, такія мерапрыемствы дапамагаюць вызначыць прыярытэтныя напрамкі далейшай работы. Яна расказала, што ў раённую камісію па садзейнічанні занятасці ўключацца спецыялісты, якія штодзённа працуюць з насельніцтвам. "Задача камісіі - забяспечыць занятасць насельніцтва, пры гэтым у кожным выпадку павінен быць індывідуальны падыход, які можа быць гарантаваны ў цесным узаемадзеянні ўсіх адказных службаў", - сказала старшыня райсавета. Яна таксама падкрэсліла, што вельмі важна растлумачыць жыхарам патрабаванні дэкрэта і расказаць аб усіх магчымасцях рынку працы.

Семінары да канца мая пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі