Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 ліпеня 2017, 15:54

КДК падрыхтаваў прапановы па зніжэнні сабекошту ЖКП у Беларусі на 7,3 працэнта

26 ліпеня, Мінск /Надзея Мацвеева - БЕЛТА/. КДК падрыхтаваў прапановы па зніжэнні сабекошту жыллёва-камунальных паслуг у Беларусі на 7,3 працэнта. Вынікі кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў па абгрунтаванасці фарміравання затрат на ЖКП для насельніцтва разглядаліся сёння на калегіі Камітэта дзяржкантролю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як падкрэсліў старшыня КДК Леанід Анфімаў, зніжэнне затрат у арганізацыях ЖКГ - прыярытэтная задача, якую неабходна вырашаць усёй вертыкалі ўлады, пачынаючы ад Савета Міністраў да старшынь райвыканкамаў. Аб прыняцці эфектыўных мер у гэтай сферы неаднаразова гаварыў кіраўнік дзяржавы, і КДК удзяляе гэтаму напрамку асаблівую ўвагу.

"Камітэту двойчы давалася даручэнне ўсебакова вывучыць парадак фарміравання тарыфаў, знайсці ўнутраныя рэзервы ў самой сістэме, максімальна задзейнічаўшы якія, можна было б істотна павялічыць акупнасць затрат, не перакладаючы іх непасільным грузам на людзей", - адзначыў Леанід Анфімаў.

У структуры плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі ў зімовы перыяд у сярэднім 30,9 працэнта займае плата за цеплазабеспячэнне. У сувязі з гэтым у першую чаргу прапановы камітэта накіраваны на павышэнне эфектыўнасці работы энергетычнай і водаправоднай гаспадаркі. Так, паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю за работай галін у сферы матэрыяльнай вытворчасці КДК Станіслава Наркевіча, прапануецца ліквідаваць неэфектыўныя кацельні шляхам пераключэння нагрузак на іншыя цеплакрыніцы. Усяго ў краіне налічваецца больш за 300 такіх аб'ектаў, на асобных з іх сабекошт цеплаэнергіі ў 3-6 разоў перасягае сярэднюю па сістэме ЖКГ.

Асноўнай прычынай звышнарматыўных страт і павелічэння затрат на паслугі з'яўляецца нездавальняючы стан цеплавых сетак. Нягледзячы на высокі знос, запланаваныя аб'ёмы замены не выконваюцца. Аналагічная сітуацыя складваецца і па сетках водазабеспячэння і каналізацыі. Страты ў сетках водазабеспячэння ў цэлым па краіне ў 2016 годзе склалі 18 працэнтаў пры ўстаноўленым Мінжылкамгасам нарматыве 12 працэнтаў.

Таксама, на думку КДК, неабходна павышаць эфектыўнасць нарыхтоўкі і выкарыстання мясцовых відаў паліва. Часта прадпрыемствы выкарыстоўваюць пераўвільготненыя дровы і шчэпкі, што прыводзіць да нерацыянальнага і неэфектыўнага іх выкарыстання. Знізіць не менш як на 20 працэнтаў затраты на закупку драўнянай сыравіны дасць магчымасць нарыхтоўка ўласнымі сіламі прадпрыемстваў ЖКГ. Гэтыя разлікі пацвярджае практычны эксперымент, праведзены ў Чавускім раёне.

Акрамя таго, неабходна выключыць выпадкі неабгрунтавага аднясення на сабекошт паслуг накладных расходаў, якія перавышаюць нарматыўныя, факты завышэння сабекошту па прычыне закупак у пасрэдніцкіх структур, спыніць практыку ўтрымання няпрофільных актываў, аптымізаваць расходы пры набыцці тавараў (работ, паслуг), Асобныя прапановы датычацца ўдасканалення нарматыўнай базы, у прыватнасці, па фарміраванні тарыфаў у галіне абыходжання з камунальнымі адходамі, устанаўленню каэфіцыентаў да ставак падатку на нерухомую маёмасць і зямлю.

Паводле слоў намесніка старшыні КДК Уладзіміра Кухарава, рэалізацыя прапанаванага комплексу мерапрыемстваў, паводле папярэдніх разлікаў, дасць магчымасць зменшыць гадавыя затраты на жыллёва-камунальныя паслугі на суму амаль Br220 млн і знізіць сабекошт паслуг на 7,3 працэнта.

У мінулым годзе дзяржаўныя кантралёры вывучылі пытанні фарміравання сабекошту ЖКП і ўнеслі прапановы па зніжэнні затрат. Іх рэалізацыя дала магчымасць знізіць у 2016 годзе затраты арганізацый на 16,5 працэнта, сэканоміць Br267 млн.

"Праверкі ў бягучым годзе выявілі шматлікія недахопы і парушэнні, да гэтага часу многія арганізацыі жывуць па затратным прынцыпе, разлічваючы на кампенсацыю сваіх страт з бюджэту. Мы падрыхтавалі прапановы па павышэнні эфектыўнасці галіны, якія плануецца рэалізаваць у 2017-2018 гадах", - сказаў Уладзімір Кухараў.

Калегія КДК праводзіцца па даручэнні Прэзідэнта з удзелам кіраўнікоў профільных міністэрстваў і ведамстваў, а таксама старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Яе мэта - падрыхтоўка ўзгодненых рашэнняў па аптымізацыі работы арганізацый ЖКГ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі