Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 кастрычніка 2017, 10:23

КДК: па ананімных зваротах пазапланавыя праверкі суб'ектаў гаспадарання назначацца не будуць

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па ананімных зваротах пазапланавыя праверкі суб'ектаў гаспадарання назначацца не будуць. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення каардынацыі дзейнасці кантралюючых (наглядных) органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Данута Рыжыкава ў праграме "Галоўны эфір" тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

"Па ананімных зваротах праверкі не назначаюцца. У выпадку, калі грамадзянін указвае факт парушэння, ён павінен будзе даць пісьмовую згоду выступаць у далейшым сведкам у судзе, калі даныя аб парушэнні не пацвердзяцца", - растлумачыла Данута Рыжыкава.

Паводле слоў прадстаўніка КДК, пазапланавыя праверкі могуць быць назначаны толькі пры наяўнасці ў кантралюючага органа дакладнай інфармацыі аб учыняемым парушэнні. "Кантралюючыя наглядныя органы будуць вывучаць існуючыя ў іх базы даных, не турбуючы суб'ект гаспадарання. І калі яны ўстановяць інфармацыю аб парушэннях або гэта інфармацыя паступіць з іншых крыніц (у тым ліку ад дзяржорганаў або грамадзян), яна будзе ўдакладняцца, правярацца, і, калі парушэнне мае месца, можа быць назначана пазапланавая праверка", - сказала Данута Рыжыкава.

Яна нагадала, што на мінулым тыдні ўказам кіраўніка дзяржавы на трэць скарочаны пералік кантралюючых наглядных органаў, упаўнаважаных праводзіць праверкі. "З новага года ўсе кантралюючыя і наглядныя органы абавязаны будуць прадаставіць суб'екту гаспадарання чэк-ліст - пералік пытанняў, па якіх можа быць праведзена праверка. Гэта як форма самакантролю прадпрыемства: прадпрыемства адказвае, як у яго на самай справе наладжана работа, кантроль вывучае і на падставе гэтага вывучэння можа даць рэкамендацыі - без праверкі", - адзначыла спецыяліст.

Данута Рыжыкава таксама расказала, што кантроль за выкананнем патрабаванняў указа ўскладаецца на Камітэт дзяржаўнага кантролю як у адносінах да кантралюючых органаў, якія ажыццяўляюць праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці, так і ў адносінах да ўсіх наглядных органаў. "З прыняццем указа ў нас з'яўляецца афіцыйнае паняцце - грубае парушэнне патрабаванняў заканадаўства пры правядзенні праверкі. Да грубых парушэнняў аднесены: парушэнне тэрміну правядзення праверкі, патрабаванні да праверкі ў тых пытаннях, якія не ўваходзяць у кампетэнцыю кантралюючага нагляднага органа, непрадастаўленне суб'екту гаспадарання ва ўстаноўлены тэрмін падагульняючага дакумента па выніках праверкі", - растлумачыла прадстаўнік КДК. За парушэнні пры правядзенні праверак кантралёры будуць несці адміністрацыйную адказнасць да 30 базавых велічынь. Акрамя таго, будуць прымацца яшчэ і меры па прыцягненні вінаватых да дысцыплінарнай адказнасці - ад вымовы або заўвагі да вызвалення ад займаемай пасады.

Каменціруючы той факт, што з 2019 года будуць праводзіцца выбарачныя праверкі суб'ектаў гаспадарання, спецыяліст адзначыла, што яны будуць ажыццяўляцца пры наяўнасці высокіх рызык парушэнняў. "Будзе складацца план выбарачных праверак, яго будзе фарміраваць Камітэт дзяржкантролю. Гэты план будзе размяшчацца на сайце камітэта", - удакладніла яна.

Данута Рыжыкава таксама паведаміла, што за 9 месяцаў бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года колькасць праверак зменшылася на 48,4 працэнта. "Мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб гэта тэндэнцыя захавалася", - рэзюмавала яна.

Указ нумар 376 "Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці" падпісаны 16 кастрычніка. Рэалізацыя яго палажэнняў дасць магчымасць выбудаваць больш рацыянальную сістэму дзяржаўнага кантролю, павысіць празрыстасць дзейнасці кантралюючых (наглядных) органаў, выключыць залішняе, не абгрунтаванае аб'ектыўнымі прычынамі абцяжаранне суб'ектаў гаспадарання праверачнымі мерапрыемствамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі