Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 сакавіка 2018, 13:54

Касцевіч: нараджэнне другіх і наступных дзяцей - прыярытэт сямейнай палітыкі Беларусі

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нараджэнне другіх і наступных дзяцей - прыярытэт сямейнай палітыкі Беларусі. Аб гэтым заявіла журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч сёння на палях Рэгіянальнага сімпозіума па пытаннях распрацоўкі навукова абгрунтаванай сямейнай палітыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сямейная палітыка Беларусі вызначана: мы нацэлены на сем'і з двума і больш дзецьмі. Нараджальнасць у краіне зніжаецца за кошт таго, што скарачаецца колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. І гэта тэндэнцыя будзе назірацца да 2040 года ў адпаведнасці з дэмаграфічным прагнозам. Таму наша задача - забяспечыць больш інтэнсіўнае нараджэнне", - сказала Ірына Касцевіч.

Яна канстатавала, што фактаў, якія аказваюць уплыў на нараджальнасць, шмат, у тым ліку эканамічная сітуацыя ў краіне. "Мы выйшлі ўжо на дадатную дынаміку ўзроўню даходаў насельніцтва, што, думаю, паўплывае на стабілізацыю нараджальнасці ў краіне", - дадала міністр.

Выклікае занепакоенасць статыстыка змяншэння колькасці шлюбаў і павелічэння разводаў: у 2017 годзе было створана 66 тыс. новых сем'яў, пры гэтым распаліся 32 тыс. "На мой погляд, цэльнасць сям'і, сям'і менавіта з дзецьмі - гэта самы высокі індэкс шчасця і задаволенасці жыццём", - падкрэсліла міністр. На яе думку, з такімі арыенцірамі і трэба выхоўваць падрастаючае пакаленне пачынаючы са школьнага ўзросту.

Інструментаў па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі некалькі: гэта і павелічэнне нараджальнасці, і ўмацаванне сямейных каштоўнасцей, і зніжэнне смяротнасці, і міграцыйная палітыка. "Да 2020 года, згодна з праграмай пяцігодкі, нам неабходна ўтрымаць колькасць насельніцтва на ўзроўні 9,5 млн - гэта вельмі сур'ёзная задача", - адзначыла Ірына Касцевіч.

Рэгіянальны сімпозіум па пытаннях распрацоўкі навукова абгрунтаванай сямейнай палітыкі "Прымяненне вынікаў даследавання "Пакаленні і гендар" у краінах - членах ЕЭК ААН" праходзіць у Мінску 21-22 сакавіка. Яго арганізатарамі выступаюць ЮНФПА, ЕЭК, ААН, урад Беларусі. Форум экспертаў з Беларусі, Расіі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Чэхіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі накіраваны на ўмацаванне сувязей паміж вучонымі, распрацоўшчыкамі стратэгій, органамі дзяржкіравання і іншымі зацікаўленымі бакамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі