Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 сакавіка 2018, 16:10

Карпенка заяўляе аб гатоўнасці юрыдычна замацаваць норму аб пераходзе да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства адукацыі гатова юрыдычна замацаваць норму аб пераходзе да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Аб гэтым паведаміў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

"У Савецкім Саюзе ў свой час гэта норма была замацавана. Мы ў суверэннай Беларусі замацавалі норму абавязковай базавай адукацыі, гэта значыць 9 класаў. Цяпер фактычна гатовы да таго, каб юрыдычна замацаваць норму аб пераходзе да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі", - сказаў Ігар Карпенка.

У той жа час міністр падкрэсліў, што Беларусь дэ-факта ўжо ў гэтай сістэме. Сёння практычна няма выпускнікоў устаноў адукацыі, якія не мелі б агульнай сярэдняй адукацыі. Нават тыя, хто пасля 9-га класа, пасля базавай адукацыі ідуць у сістэму прафтэхадукацыі або сярэдняй спецыяльнай адукацыі на шэраг спецыяльнасцей, яшчэ акрамя іншага асвойваюць праграму агульнай сярэдняй адукацыі. "Фактычна мы сёння гатовы да таго, каб не проста заявіць, а ўжо дэ-юрэ замацаваць пазіцыю пераходу на ўсеагульную сярэднюю адукацыю", - адзначыў міністр. Адпаведная норма ўжо закладзена ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.

Пераход на ўсеагульную сярэднюю адукацыю стаў адной з галоўных навацый такога дакумента, як Канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы (да 2020 года) і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды. Дакумент абмяркоўваўся з прафесіяналамі, з грамадскім саветам па пытаннях адукацыі ў Беларусі. Канцэптуальныя падыходы накіраваны ва ўсе рэгіёны. "Чаму мы наогул выйшлі на педсавет (рэспубліканскі педагагічны савет, які прайшоў у жніўні 2017-га. - Заўвага БЕЛТА) з такім дакументам, як канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі? Таму што патрэбна была своеасаблівая дарожная карта або план дзеянняў па ўдасканаленні сістэмы адукацыі. Зразумела, што сістэма склалася, яна ўстаялася, праверана часам. Але, як і любая сістэма, яна павінна развівацца з улікам тых змяненняў, якія адбываюцца вакол нас", - заявіў міністр.

Паводле слоў Ігара Карпенкі, была праведзена вялікая работа на месцах у канкрэтных установах адукацыі, рэгіёнах. У тым ліку гэта паездкі ў рэгіёны міністра адукацыі, удзел у падагульняючых калегіях у адпаведных органах кіравання адукацыяй на месцах, сустрэчы з грамадскімі фарміраваннямі, напрыклад, з Саветам рэктараў, Саветам дырэктараў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, дырэктарамі школ, гімназій.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі