Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Канцэпцыю развіцця рэкламнага рынку Беларусі плануецца зацвердзіць да канца года

Грамадства 17.10.2017 | 13:50

17 кастрычніка, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Канцэпцыю развіцця рэкламнага рынку Беларусі плануецца зацвердзіць да канца 2017 года. Аб гэтым паведаміла начальнік сектара па рэкламе ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай МАРГ Іна Гаўрыльчык сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю выстаўкі рэкламы, дызайну і паліграфіі "Мятны леў-2017", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Іна Гаўрыльчык нагадала, што ў Беларусі распрацоўваецца праект канцэпцыі развіцця рэкламнага рынку да 2020 года. "Канцэпцыю плануецца зацвердзіць да канца бягучага года, крайні выпадак - у пачатку наступнага", - сказала яна і ўдакладніла, што фактычна праект канцэпцыі ўжо ёсць, засталася толькі тэхнічная работа па яго ўзгадненні і зацвярджэнні. Таксама прадстаўнік МАРГ паведаміла, што ў 2018 годзе плануецца дапрацаваць закон аб рэкламе з улікам прапаноў ад рэкламнага бізнесу.

Канцэпцыя прадугледжвае шэраг цікавых і важных для рэкламнага рынку мерапрыемстваў. "У прыватнасці, плануецца разгледзець пытанне адмены ўзгаднення вонкавай рэкламы і рэкламы на транспартных сродках, спрасціць адміністрацыйныя працэдуры па выдачы дазволаў. У тым ліку прадугледжваецца, што мы зможам дасягнуць такога выніку, як спыненне патрабаванняў тэхнічнай дакументацыі на распрацоўку і вытворчасць рэкламнай канструкцыі", - растлумачыла Іна Гаўрыльчык. Таксама актыўна абмяркоўваецца адмена рэгістрацыі рэкламных гульняў.

Плануецца прадоўжыць работу па ўдасканаленні сацыяльнай рэкламы. "Мы настроены на тое, каб актыўна прыцягваць рэкламны бізнес да стварэння сацыяльнай рэкламы. Пры міністэрстве працуе міжведамасны савет па рэкламе, у які ўваходзяць не толькі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, але і рэкламныя асацыяцыі, навуковыя работнікі. Мы разглядаем усю вонкавую рэкламу, тэлевізійную, сацыяльную, рэкламу па радыё. З усёй колькасці той рэкламы, якую мы разгледзелі, каля 43 працэнтаў сацыяльнай рэкламы прызнана неналежнай па якасці. Атрымліваецца, хоць мы і актыўна працуем над гэтым пытаннем, але ўсё ж такі якасць такой рэкламы вымушае жадаць лепшага. Адзін з канструктыўных шляхоў вырашэння гэтай праблемы - прыцягненне рэкламнага рынку, прафесіяналаў да вытворчасці такой рэкламы", - падкрэсліла начальнік сектара.

Прадстаўнік МАРГ звярнула ўвагу, што рэалізацыя большасці норм канцэпцыі патрабуе змяненняў у заканадаўстве. "Без унясення змяненняў у закон аб рэкламе мы нічога не зробім. Як я ўжо гаварыла, у 2018 годзе запланавана карэкціроўка закона. І тады гэтыя новаўвядзенні стануць дзеючымі", - заявіла яна.

Акрамя таго, Іна Гаўрыльчык коратка ахарактарызавала сітуацыю на рэкламным рынку Беларусі. Цяпер на тэрыторыі краіны працуе 1186 рэкламных арганізацый. "Фактычна за апошнія 8-9 гадоў іх колькасць павялічылася ў 2,7 раза. Гэта сведчыць аб тым, што і прававыя, і арганізацыйныя ўмовы ў Беларусі для развіцця рэкламнага бізнесу створаны даволі добрыя", - канстатавала яна.

Гаворачы аб расходах на рэкламу, прадстаўнік МАРГ адзначыла, што ў першым паўгоддзі 2017 года гэтыя расходы ў айчынных вытворцаў і гандлёвых арганізацый склалі Br182,2 млн (127 працэнтаў адносна аналагічнага перыяду мінулага года). Актыўней за ўсё працуюць з рэкламай вытворцы адзення, аптовы і рознічны гандаль, вытворцы харчовых прадуктаў.

Спецыялізаваная выстаўка рэкламы, дызайну і паліграфіі "Мятны леў" праходзіць у Мінску 17-19 кастрычніка. "Мятны леў" прапануе рэкламныя і дызайнерскія рашэнні для ўсіх галін бізнесу. Гэта дзелавая пляцоўка для брэндынгавых агенцтваў і дызайнерскіх студый, друкарань, пастаўшчыкоў сыравіны і расходных матэрыялаў для паліграфіі, вытворцаў сувенірнай прадукцыі. Выстаўка суправаджаецца насычанай дзелавой праграмай. Чаканая колькасць наведвальнікаў - больш за 5 тыс. чалавек.

Разам з выстаўкай у атэлі "Пекін" адбудзецца канферэнцыя "Маркетынг XXI стагоддзя: трэнды ў стылі ф'южн". Задача мерапрыемстваў - садзейнічанне развіццю рынку рэкламы ў Беларусі.

Выстаўка "Мятны леў" уключана ў праграму Дзён маркетынгу, рэкламы і брэндынгу, якія праходзяць у Беларусі 17-19 кастрычніка.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Сельская гаспадарка Беларусі На пачатак 2017 года ў Беларусі налічвалася 8 428,7 тыс. га сельскагаспадарчых зямель, што складае каля 40% ад усіх тэрыторый рэспублікі і супастаўна з плошчай Аўстрыі.