Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 лютага 2018, 11:13

Канцэпцыя аб развіцці веларуху рэалізуецца ў Беларусі: ездзіць будуць часцей і бяспечней

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі рэалізуецца канцэпцыя аб развіцці веларуху: да 28 лютага аблвыканкамы павінны распрацаваць свае рэгіянальныя планы дзеянняў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Мінскім веласіпедным таварыстве.

Пастаянная камісія па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры Савеце Міністраў Беларусі прыняла ў студзені канцэпцыю развіцця веласіпеднага руху ў Беларусі, якая вызначае мэты, асноўныя напрамкі і дзяржаўную палітыку ў гэтай сферы. "Радуе, што веласіпеднаму руху пачалі ўдзяляць больш увагі на нацыянальным узроўні. Рэспубліканская канцэпцыя дае арыенцір рэгіянальным і мясцовым уладам пры стварэнні гарадскіх і абласных планаў развіцця веласіпеднага руху. Каб экспертна падтрымаць мясцовыя ўлады, Мінскае веласіпеднае таварыства адправіла ў аблвыканкамы свае прапановы па стварэнні рэгіянальных планаў рэалізацыі рэспубліканскай велаканцэпцыі", - сказаў старшыня праўлення таварыства Павел Гарбуноў. Акрамя таго, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва цяпер распрацоўвае веласіпедны стандарт.

Палажэнні канцэпцыі зводзяцца да таго, што беларусы ў выніку стануць часцей выкарыстоўваць веласіпеды для паездак у розных мэтах. У прыватнасці, прадугледжваецца, што доля выкарыстання гэтага транспарту да 2030 года ў гарадах з колькасцю насельніцтва 50 тыс. чалавек і больш павінна вырасці да 8-10 працэнтаў; з меншай колькасцю і ў пасёлках гарадскога тыпу - да 15-20 працэнтаў; у аграгарадках і сельскіх населеных пунктах - звыш 40 працэнтаў. У Мінску, які падпадае пад першую катэгорыю, заяўлены рост будзе вельмі значным, паколькі цяпер гэты індыкатар знаходзіцца на адзнацы крыху больш за 1 працэнт. Але дабіцца лічбы 500-700 тыс. паездак у дзень у цёплы час года ў сталіцы, на думку Паўла Гарбунова, цалкам дасягальна. "Для параўнання, у Варшаве гэта лічба сёння 4 працэнты, бягучая доля паездак у Берліне - каля 13-15 працэнтаў. У агульнаеўрапейскай стратэгіі, якая цяпер абмяркоўваецца, хутчэй за ўсё, будзе індыкатар 12 працэнтаў паездак да 2030 года ў сярэднім па гарадах Еўрасаюза", - адзначыў субяседнік.

Прыводзяцца і паказчыкі бяспекі, якія павінны быць дасягнуты да 2030 года: колькасць пацярпелых у ДТЗ веласіпедыстаў павінна знізіцца як мінімум на 25 працэнтаў.

У цэлым агульныя палажэнні канцэпцыі ўключаюць больш шырокае распаўсюджванне сучасных канструкцый веласіпедаў(у тым ліку электрычных мадэлей), удасканаленне абслугоўвання такога віду транспарту, стварэнне аўтаматызаваных сістэм пракату, арганізацыю дадатковай падрыхтоўкі веласіпедыстаў, удасканаленне дарожнай інфраструктуры і яшчэ шмат іншых мер падтрымкі веларуху з боку дзяржавы.

Распрацоўка канцэпцыі была даручана Міністэрству транспарту і камунікацый летам 2017 года. Эксперты Мінскага веласіпеднага таварыства былі ўключаны ў рабочую групу, і многія з іх прапаноў улічаны. Гэта работа таксама падтрымана Еўрасаюзам па праекце "Гарадскі веларух у Беларусі". З тэкстам канцэпцыі і каментарыямі экспертаў можна азнаёміцца на сайце Мінскага веласіпеднага таварыства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі