Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 кастрычніка 2017, 11:40

Каля сотні актывістаў "Белай Русі" выйшлі на суботнік у Курапатах

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. РГА "Белая Русь" прадаўжае добраўпарадкаванне ўрочышча Курапаты - суботнік прайшоў тут 21 кастрычніка і сабраў каля сотні актывістаў арганізацыі і валанцёраў, а таксама работнікаў Бараўлянскага спецлясгаса, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Работы па добраўпарадкаванні гэтай тэрыторыі як праяўленне непасрэднай адказнасці за захаванне гісторыі беларускага народа былі ініцыіраваны Першамайскай раённай арганізацыяй яшчэ вясной бягучага года. Затым далучыліся Савецкі раён сталіцы, гарадская структура "Белай Русі" і арганізацыя Мінскага раёна. Цяперашні суботнік ужо 7-ы па ліку, і ён з'яўляецца часткай рэспубліканскай акцыі "Белая Русь" упрыгожвае Беларусь".

Актывісты, якія нягледзячы на холад і дождж прыехалі папрацаваць сюды перад Днём памяці (Дзядамі), перакананы: сумесная праца, якая сумяшчае гістарычную памяць і накіраванасць у будучыню, служыць асновай захавання і ўмацавання суверэнітэту. Нельга захаваць незалежнасць і цэласнасць краіны, выбарачна адмаўляючыся або, наадварот, празмерна ўслаўляючы асобныя старонкі гісторыі.

Для старшай медсястры шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава Наталлі Ханькевіч урочышча Курапаты - месца асаблівае. "Мой дзядуля ў час рэпрэсій трапіў сюды, тут скончыўся яго жыццёвы шлях. Потым ужо былі дакументы аб рэабілітацыі, але, вядома, яго ўжо не вярнуць. Таму я тут па патрабаванні сэрца, - сказала яна. - І ўсе мае калегі - 30 чалавек са шпіталя - падтрымалі мяне і прыйшлі, каб добраўпарадкаваць гэту тэрыторыю, аддаць даніну памяці бязвінна забітым. Гэта святое месца. Для мяне гэта не проста суботнік, а намнога сур'ёзней: нібыта прыходзіш да блізкага чалавека на могілкі. Тут востра адчуваеш горыч страты". Наталля Ханкевіч жыве недалёка ад памятнага месца і часта бывае тут, каб ушанаваць памяць і навесці парадак па меры магчымасці.

Удзельнікі суботніка, сярод якіх і вучні, займаліся прыбіраннем смецця і сухастою з тэрыторыі помніка і прылеглага ляснога масіву. Перад гэтым работнікі Бараўлянскага спецлясгаса правялі санітарную чыстку, абрэзку кустоўя. Таксама прадпрыемства прадаставіла тэхніку для вывазу бытавых адходаў і драўнянага неліквіду.-0-

Фота Максіма Гучака.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі