Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 сакавіка 2017, 11:10

Качанава: у Беларусі ў кожнага маладога чалавека ёсць магчымасці для самарэалізацыі

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў кожнага маладога чалавека ёсць магчымасці для самарэалізацыі. Такое меркаванне выказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, якая 10 сакавіка дала старт усебеларускай акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі!" з уручэннем пашпартоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыла Наталля Качанава, атрыманне асноўнага дакумента - знакавая падзея ў жыцці кожнага чалавека, і гэты дзень так ці інакш застаецца ў памяці. "Вы становіцеся паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны. І менавіта ад вас залежыць, якой яна будзе заўтра і ў наступныя гады, таму што на моладзь зроблена стаўка ў Беларусі", - падкрэсліла яна, звяртаючыся да прысутных на цырымоніі.

Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, у кожнага маладога чалавека ёсць магчымасці рэалізаваць сябе - вучыцца, працаваць, займацца спортам, развіваць творчыя здольнасці. Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што за мірным жыццём стаіць праца кожнага беларуса, грамадзян, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, на прамысловых прадпрыемствах, у арганізацыях, установах, робячы ўсё магчымае, каб з году ў год краіна станавілася яшчэ больш моцнай і працвітаючай.

Размаўляючы з журналістамі, Наталля Качанава таксама расказала, як атрымлівала першы ў сваім жыцці пашпарт. "Тады такіх акцый не было, і нам пашпарты выдавалі ў пашпартным стале, - заўважыла яна. - Але нам было не 14, а 16, мы былі старэйшыя, і гэта быў Савецкі Саюз, зусім іншая краіна".

У сваю чаргу першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА "БРСМ" Андрэй Белякоў адзначыў сур'ёзную падтрымку, якая аказваецца маладзёжным праектам. "Гэты мост паміж дзяржавай і моладдзю, гэта партнёрства будзе з'яўляцца залогам працвітання Беларусі", - упэўнены ён.

Акцыя з уручэннем пашпартоў стартавала 10 сакавіка ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. З рук Наталлі Качанавай важнейшыя дакументы атрымалі 14-гадовыя беларусы з рэгіёнаў і Мінска - выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд.

Прысвечаная Дню Канстытуцыі ўсебеларуская акцыя праходзіць 10-15 сакавіка ва ўсіх рэгіёнах краіны. Цэнтральныя мерапрыемствы ў Мінску запланаваны ў Следчым камітэце, НАК, КДК, Савеце Рэспублікі, Канстытуцыйным судзе, Рэспубліканскім доме моладзі. Пры гэтым асноўная задача - садзейнічаць станаўленню пазіцыі грамадзяніна, павышэнню прававой і інфармацыйнай культуры юнакоў і дзяўчат, інфармаваць юных грамадзян аб іх правах і абавязках, асновах заканадаўства і дзяржаўнага ладу, сучаснай унутранай і знешняй палітыцы краіны.

Ідэйным натхняльнікам акцыі, якая праводзіцца з 2004 года, выступае БРСМ.

Дзень Канстытуцыі адзначаецца ў Беларусі 15 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі