23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава сёння ў рамках адзінага дня інфармавання сустрэлася з калектывам Цэнтральнага ўнівермага "Мінск", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Удзел службовых асоб у такіх мерапрыемствах ужо стаў традыцыяй у нашай краіне, паколькі дае магчымасць удзельнікам пачуць непасрэдна аб палітыцы дзяржавы на сучасным этапе, а таксама даведацца пра меркаванне людзей наконт пытанняў, якія іх хвалююць.
Гэта сустрэча з супрацоўнікамі ЦУМа была прысвечана тэме "Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь - прадстаўнічы і заканадаўчы орган беларускай дзяржавы". Гаварылі аб маючых адбыцца парламенцкіх выбарах, велізарнай ролі і значэнні Нацыянальнага сходу ў сістэме дзяржкіравання, у цэлым аб жыцці краіны.
Наталля Качанава заклікала кожнага прыйсці на выбарчы ўчастак і зрабіць свой выбар. Яна адзначыла, што Прэзідэнт выказваўся за тое, што ў парламенце патрэбны людзі розных узростаў, прафесій, якія прадстаўлялі б розныя слаі грамадства.
Таксама на сустрэчы кіраўнік Адміністрацыі абазначыла асноўныя крытэрыі работы для кіраўнікоў усіх узроўняў і, бадай, кожнага чалавека. "Гэта перш за ўсё людзі, справядлівае да іх стаўленне і ўвага. Усе прымаемыя рашэнні павінны быць на карысць людзей і дзяржавы", - нагадала яна пазіцыю кіраўніка дзяржавы.
Прадаўжаючы размову аб палітыцы Беларусі, Наталля Качанава назвала галоўнымі яе каштоўнасцямі незалежнасць і суверэнітэт. "Гэта непарушнае правіла, чырвоная рыса, за якую нельга пераступаць. Усё, чаго дасягнула Беларусь за невялікі прамежак незалежнай гісторыі, дарагога варта. Мы абавязаны гэта зберагчы, каб наступныя пакаленні маглі прымножыць і захаваць тое, што мы маем", - адзначыла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Супрацоўнікі ЦУМа задалі кіраўніку Адміністрацыі шмат пытанняў, закранулі эканоміку, адукацыю, ахову здароўя. Пазней у размове з журналістамі Наталля Качанава прызналася, што для службовых асоб вельмі важна, каб людзі заўсёды актыўна ўдзельнічалі ў размове, бо зваротная сувязь дапамагае ў прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў.
Сустрэча працягвалася больш як дзве гадзіны. Пасля яе завяршэння супрацоўнікі ЦУМа расказалі журналістам аб сваіх уражаннях. Таваразнавец Таццяна Бялан адзначыла, што размова з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта атрымалася вельмі адкрытай і душэўнай. "Удалося абмеркаваць пытанні, якія хвалююць мяне не толькі як грамадзяніна, работніка, але і як маці", - сказала яна. Падзяляе меркаванне калегі і начальнік аддзела Павел Елькановіч. Ён таксама звярнуў увагу на адкрытасць размовы. Наталля Качанава падрабязна адказвала на любыя пытанні. Усе жадаючыя змаглі пагутарыць з ёй асабіста, абмеркаваць хвалюючыя праблемы.-0-