Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 ліпеня 2019, 18:17

Качанава: неабходна актыўней падтрымліваць таленавітую моладзь

10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі неабходна актыўней падтрымліваць таленавітую і адораную моладзь. Аб гэтым кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава заявіла сёння ў час прыёму грамадзян у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Жыхарка вёскі Мікалаеўка-2 Ірына Цімошчанка папрасіла кіраўніка Адміністрацыі прыняць удзел у лёсе яе 11-гадовых трайнят. Юныя музыканты неаднаразова станавіліся лаўрэатамі міжнародных конкурсаў і былі прадстаўлены на суісканне стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксандр Лашын і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава ў час прыёму'

У гэтым годзе дзеці паспрабавалі паступіць у гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка. Паводле слоў маці, яны дастойна здалі экзамены па спецыяльнасці, акрамя сальфеджыа, якое не выкладаецца на высокім узроўні ў звычайнай музычнай школе, што і падвяло дзяцей. Ірына Цімошчанка звярталася па дапамогу ў Міністэрства адукацыі з просьбай выдзеліць у якасці выключэння дадатковыя месцы для яе дзяцей, аднак у ведамстве спаслаліся на правілы прыёму, вялікі конкурс і адмовілі. Тады шукаць падтрымку жанчына стала ў Адміністрацыі Прэзідэнта, паколькі пераканана, што дзяржава павінна прыкладаць максімум намаганняў для падтрымкі таленавітай моладзі. "Некага прымушаюць з-пад палкі вучыцца, а мае дзеці хочуць, яны гатовы. Трэба даць ім зялёнае святло, каб яны адчулі, што нездарма працавалі ўсе гэтыя гады", - эмацыянальна выказалася жанчына.

"Можа, і праўда, заўтра гэта будуць чарговыя кампазітары, якімі будзе ганарыцца ўся краіна. Тое, што вы гаворыце, - абсалютная праўда: чаму мы больш не адкрываем такіх устаноў, калі ёсць жадаючыя? Трэба адкрываць. Няхай дзеці лепш тут вучацца, займаюцца музыкай, творчасцю, інакш падрэжам крылы - і ўсё. Падтрымліваць таленавітую, адораную моладзь мы павінны", - падкрэсліла Наталля Качанава.

Намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава ў час прыёму'

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта запэўніла, што ў гэтым пытанні будзе даручана дэталёва разабрацца міністрам адукацыі і культуры. Калі не ўдасца выдзеліць дадатковыя месцы ў гэтай гімназіі-каледжы, будуць разгледжаны іншыя аналагічныя навучальныя ўстановы ў Мінску і вывучана магчымасць прадастаўлення дзецям інтэрната. Наталля Качанава таксама звярнула ўвагу на неабходнасць падтрымкі шматдзетных сем'яў, але разам з тым папярэдзіла, што пытанне з паступленнем трайнят не павінна вырашацца на шкоду інтарэсам іншых таленавітых дзяцей. "Мы гэта пытанне з усіх бакоў вывучым. Калі будзе магчымасць узяць дзяцей дадаткова - гэта адна сітуацыя. Калі будзе стаяць пытанне аб тым, што трэба будзе каму-небудзь уступіць, гэта будзе несумленна", - растлумачыла яна.

На прыём да Наталлі Качанавай запісаліся больш за 20 чалавек. Аднак жадаючых асабіста сустрэцца з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта, каб расказаць аб сваіх праблемах і знайсці падтрымку, было значна больш. Людзі выказваліся аб сітуацыі ў бізнес-асяроддзі, узнімалі праблемы ў сферах медыцыны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва. На сустрэчу прыйшлі таксама маці, чые сыны былі асуджаны па арт. 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Запісаліся на прыём да Наталлі Качанавай і прадстаўнікі цыганскай дыяспары з Магілёва. Сярод іншага іх цікавілі пытанні працаўладкавання, магчымая падтрымка пры вядзенні фермерскай гаспадаркі. Адпаведныя меры прымаюцца ўжо на ўзроўні Магілёўскага аблвыканкама. Акрамя таго, прадстаўнікі дыяспары падзякавалі кіраўніку Адміністрацыі за нядаўнюю сустрэчу ў Магілёве і выказалі ўдзячнасць Прэзідэнту за тое, што не застаўся абыякавы да іх праблем.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі