Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 красавіка 2018, 17:47

Кабякоў: адказнасць за распаўсюджваемую інфармацыю павінна быць аднолькавай для ўсіх СМІ

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адказнасць за распаўсюджваемую інфармацыю павінна быць аднолькавай для ўсіх СМІ, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на сустрэчы з Саветам кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і старшыня Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД, генеральны дырэктар ТАСС Сяргей Міхайлаў'

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч'

Беларускія дэпутаты сёння ў першым чытанні разгледзелі змяненні ў закон аб СМІ. Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што плануемыя змяненні не прадугледжваюць стварэння нейкіх фільтраў для інтэрнэт-кантэнту. "Але ў той жа час галоўная задача заключаецца ў тым, каб адказнасць за распаўсюджваемую інфармацыю была аднолькавай - як для друкаваных СМІ, тэлевізійных, так і для інтэрнэт-СМІ", - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што сёння дакладнасць інфармацыі выходзіць на першы план. "Дакладная і аператыўная інфармацыя - гэта адна з найважнейшых патрэбнасцей чалавека, без гэтага, напэўна, цяжка ўявіць існаванне цывілізаванага чалавецтва. Таму пытанне дакладнасці і аператыўнасці надзвычай важнае, і гэта тое, чым непасрэдна займаюцца інфармацыйныя агенцтвы", - сказаў ён.

На думку Андрэя Кабякова, у выпадку распаўсюджвання негатыўнай інфармацыі СМІ можна супаставіць са зброяй масавага паражэння. Сённяшнія магчымасці дастаўкі інфармацыі, яе ўсёпранікненне толькі ўзмацняюць уплыў СМІ.

Прычым гэты ўплыў распаўсюджваецца і на эканамічную сферу. "Інфармацыя ўплывае не толькі на стан міру і вайны (хоць гэта галоўнае пытанне для чалавецтва), але і на эканоміку, рынкі як развітых дзяржаў, так і тых, што сталі на шлях развіцця. Адна з важнейшых эканамічных катэгорый апошнім часам, пра якую пачалі часта гаварыць, - гэта давер. А ён фарміруецца зыходзячы з інфармацыйнага ўздзеяння. Калі не будзе даверу ўкладчыкаў да банкаў, інвестараў - да дзяржаў, то зразумела, што эканоміка ў гэтых краінах будзе далёкая ад тых мэт, якія ставяцца", - сказаў прэм'ер-міністр.

Ірына Акуловіч'

Андрэй Кабякоў падзякаваў кіраўнікам інфармагенцтваў СНД за высокую ацэнку работы Беларускага тэлеграфнага агенцтва. "Нам вельмі каштоўна ваша ацэнка агенцтва БЕЛТА, якое ў гэтым годзе святкуе 100-гадовы юбілей, як сучаснай, даволі мабільнай і адпавядаючай патрабаванням часу ўстановы", - сказаў прэм'ер-міністр.

Сяргей Міхайлаў'

Генеральны дырэктар ТАСС Сяргей Міхайлаў расказаў, што сёння на пасяджэнні Інфармсавета СНД абмяркоўваліся пытанні творчага ўзаемадзеяння дзяржінфармагенцтваў, якім даводзіцца працаваць ва ўмовах сур'ёзнай канкурэнцыі з іншымі сродкамі масавай інфармацыі, інтэрнэт-прасторай. Як адзначыў гендырэктар ТАСС, у інтэрнэт-прасторы ў тым ліку шмат фэйкавых навін, такая інфармацыя распаўсюджваецца даволі хутка, і інфармагенцтвам трэба быць канкурэнтаздольнымі ў гэтых умовах.

"Дакладнасць інфармацыі, каму можна давяраць, а каму нельга - гэта, вядома, выходзіць на першы план, - лічыць Сяргей Міхайлаў. - Мы перакананы, што прафесіяналізм, аператыўнасць, дакладнасць у адлюстраванні пунктаў гледжання - гэта гарантыя поспехаў нашых інфармагенцтваў".

У Інфармсавет СНД, утвораны ў лістападзе 1995 года, уваходзяць кіраўнікі дзяржінфармагенцтваў Азербайджана (АЗЕРТАДЖ), Арменіі (Арменпрэс), Беларусі (БЕЛТА), Казахстана (КАЗІНФАРМ), Кыргызстана (Кабар), Малдовы (МАЛДПРЭС), Расіі (ТАСС) і Таджыкістана (Ховар).-0-

Фота Аксаны Манчук

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі