Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 сакавіка 2017, 09:40

Янчэўскі: "Стварыць IT-краіну" - Беларусь адкрывае новы этап у развіцці сферы высокіх тэхналогій

14 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў Мінску 13 сакавіка наведаў офісы IT-кампаній, дзе размова ішла пра будучае развіццё ў краіне сферы высокіх тэхналогій і ператварэнне Беларусі як мінімум у рэгіянальнага лідара па гэтым напрамку. Аб прынятых рашэннях журналістам расказалі памочнік Прэзідэнта Беларусі Усевалад Янчэўскі, а таксама інвестары Віктар Пракапеня і Міхаіл Гуцарыеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Усевалада Янчэўскага, Беларусь сапраўды рухаецца да таго, каб стаць IT-краінай.

"У нас для гэтага ёсць усе перадумовы - вельмі шмат таленавітых людзей, у нашай краіне нараджаюцца выдатныя ідэі. І, я абсалютна ўпэўнены, тут будзе сапраўды прарыў. Я ўпэўнены ў тым, што Беларусь будзе рэгіянальным лідарам, лідарам ва Усходняй Еўропе. Мы ўбачым гэта ў самы бліжэйшы час", - заявіў ён.

Памочнік Прэзідэнта падкрэсліў, што дасягненні Беларусі ў IT-сферы ўжо шырока вядомы за мяжой, але цяпер сапраўды настаў момант для пераходу сферы высокіх тэхналогій на новы этап. "Сёння адбыўся вельмі цікавы дыялог паміж кіраўніком дзяржавы і тымі людзьмі - інвестарамі і праграмістамі, хто стварае непасрэдна новыя прадукты, развівае высокія тэхналогіі", - адзначыў Усевалад Янчэўскі.

Ён падкрэсліў, што з'яўляецца прыхільнікам такога адкрытага дыялогу, і адзначыў глыбокае разуменне кіраўніком дзяржавы ўсіх праблемных пытанняў у IT-сферы. "Усе ведаюць, што IT-галіна заўсёды падтрымлівалася дзяржавай і Прэзідэнтам. Гэта падтрымка не толькі будзе захавана, але і пашырана, - сказаў памочнік Прэзідэнта. - Цалкам магчыма, будуць прыняты прынцыповыя і істотныя рашэнні для таго, каб у нашу краіну маглі прыйсці венчурныя фонды, каб сямімільнымі крокамі магла развівацца прадуктовая мадэль".

Усевалад Янчэўскі пры гэтым асабліва адзначыў, што ўсе прэферэнцыі і падтрымка для IT-кампаній, якія цяпер працуюць у Беларусі па іншых мадэлях, напрыклад аўтсорсінгу, будуць безумоўна захаваны.

"Па сутнасці, даецца поўнае зялёнае святло развіццю IT-галіны, сферы высокіх тэхналогій, прыходу замежнага капіталу, ноу-хау", - падкрэсліў памочнік Прэзідэнта.

Ён дадаў, што ў бліжэйшы час з удзелам усіх зацікаўленых бакоў будзе сфарміраваны сур'ёзны пакет прапаноў, які будзе вынесены на ўзровень кіраўніка дзяржавы. "І я абсалютна ўпэўнены, што рашэнні (прычым рашэнні я нават сказаў бы рэвалюцыйныя) Прэзідэнтам будуць прыняты вельмі аператыўна", - сказаў Усевалад Янчэўскі.

У добрых перспектывах развіцця гэтай сферы ў Беларусі ўпэўнены і інвестар Віктар Пракапеня.

"Думаю, што сённяшні дзень увойдзе ў гісторыю як дзень вялікага пералому ў развіцці IT у Беларусі. Прэзідэнт поўнасцю падтрымаў ідэю стварэння ў Беларусі IT-краіны. Гэта ўключае ў сябе вялікую колькасць істотных змяненняў у заканадаўстве і яго ўдасканаленне", - адзначыў інвестар.

Паводле яго слоў, чакаюцца рашэнні па падтрымцы прадуктовай мадэлі ў IT-бізнесе, венчурных фондаў і стварэнне для іх неабходнага рэгулятарнага асяроддзя, падтрымка адукацыі.

"У сучасным свеце, і асабліва для прадуктовых кампаній, патрабуецца вялікая колькасць розных спецыялістаў. Не толькі тэхнічных, але таксама людзей, якія займаюцца маркетынгам, дызайнам прадуктаў, іншымі складнікамі", - сказаў Віктар Пракапеня.

Пасля праведзенай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы інвестар асабліва адзначыў выказаную гатоўнасць Аляксандра Лукашэнкі падтрымаць неабходныя змяненні.

У якасці прыкладу аднаго з праблемных момантаў Віктар Пракапеня расказаў аб цяжкасцях з размяшчэннем рэкламы на буйных сусветных пляцоўках. Для гэтага, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, патрабуецца выкананне складаных бюракратычных працэдур, што зусім не садзейнічае эфектыўнаму вядзенню бізнесу.

"З Беларусі сёння купіць рэкламу на "Фэйсбуку" - вельмі складаны працэс. Сённяшні дэкрэт аб Парку высокіх тэхналогій падтрымлівае толькі продаж праграмнага забеспячэння. Ён не падтрымлівае мадэль заработку на рэкламе, калі перадача праграмнага забеспячэння адбываецца бясплатна", - расказаў інвестар.

Ён падкрэсліў, што на сустрэчы абмяркоўваўся шэраг неабходных змяненняў. "Вельмі рады таму, што дзяржава будзе прадаўжаць і ў далейшым падтрымліваць бізнес у IT-сферы. І вельмі рады, што Беларусь зможа перайсці на новую ступень развіцця - ствараць больш прадуктовых кампаній і быць яшчэ больш пазнаваемай ва ўсім свеце", - дадаў Віктар Пракапеня.

Інвестар Міхаіл Гуцарыеў лічыць, што праведзенае абмеркаванне і прынятыя рашэнні адкрываюць вялікія перспектывы для развіцця галіны.

"Тое, што мы робім, запатрабавана і поўнасцю падтрымліваецца кіраўніцтвам дзяржавы", - заявіў ён.

Паводле слоў інвестара, першы этап у развіцці IT-сферы ў Беларусі ў апошнія гады быў паспяхова рэалізаваны. "Сёння размова ідзе аб другім кроку - прыняцці дадатковых нарматыўных актаў, што дасць магчымасць зрабіць сённяшнюю Беларусь адной з найбольш развітых краін у свеце па развіцці IT-тэхналогій", - сказаў Міхаіл Гуцарыеў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі