Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 жніўня 2016, 09:32

Якжык: аптымізацыя колькасці школ - гэта натуральны працэс

29 жніўня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Аптымізацыя колькасці школ у рэспубліцы - натуральны працэс. Такое меркаванне выказаў 27 жніўня ў Гомелі ў размове з журналістамі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык. Ён прымаў удзел у рабоце абласнога жнівеньскага педсавета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У гэтым годзе ў Беларусі стала на 65 школ менш, у тым ліку 7 школ закрыта ў Гомельскай вобласці. У абсалютнай большасці выпадкаў яны знаходзяцца ў сельскай мясцовасці і адносяцца да так званых малакамплектных школ. "Гэта натуральны працэс, які не кіруецца планамі зверху. Рашэнне па кожнай канкрэтнай школе прымаецца пасля вывучэння ўсіх аспектаў. І мы заўсёды просім органы рэгіянальнай улады не забываць, што інтарэсы людзей у гэтым пытанні павінны быць вышэй за ўсё", - адзначыў субяседнік.

Калі прааналізаваць прычыны, па якіх прымаліся рашэнні аб закрыцці школ, то ўсе яны маюць аб'ектыўны характар, лічыць намеснік міністра. У першую чаргу гэта звязана з дэмаграфічнай сітуацыяй, якая сведчыць аб скарачэнні сельскага насельніцтва. Некаторыя з закрываемых школ, пабудаваныя шмат дзесяцігоддзяў таму, ужо выпрацавалі свой патэнцыял.

Ёсць выпадкі, калі школы ўжо не падыходзяць па гаспадарчых характарыстыках, а ў суседняй школе вучыцца значна больш камфортна. Пры гэтым няма збояў у арганізацыі падвозу школьнікаў. "Разам з тым, хачу падкрэсліць, што калі ёсць хаця б адзін са станоўчых элементаў, за які можна зачапіцца, падмацаваны жаданнем бацькоў і педагагічнага калектыву, то мы не ідзём на такую аптымізацыю", - сказаў ён.

Што датычыцца пытання развіцця сістэмы адукацыі канкрэтна ў Гомельскай вобласці, Віктар Якжык даволі высока ацаніў яе ўзровень. "Гэты рэгіён па многіх пазіцыях знаходзіцца ў рэспубліцы ў тройцы лепшых па пытаннях развіцця адукацыі. Гэта датычыцца і дашкольнай, і школьнай, і спецыяльнай адукацыі. У 2015 годзе сістэма дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці была прызнана лепшай у краіне", - канстатаваў ён.

У жнівеньскім педсавеце прынялі ўдзел прадстаўнікі педагагічных калектываў устаноў адукацыі, кіраўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама намеснікі старшынь райвыканкамаў, ветэраны педагагічнай працы. Усяго ў Гомельскай вобласці ў 2016/2017 навучальным годзе будуць функцыянаваць 537 агульнаадукацыйных школ, 501 дзіцячы сад, 31 установа прафтэхадукацыі. За парты сядуць больш як 150 тыс. школьнікаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі