Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 ліпеня 2017, 17:11

Халаднаватае надвор'е спрыяльна ўплывае на стан паветра - Белгідрамет

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Халаднаватае надвор'е спрыяльна ўплывае на стан паветра. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела маніторынгу атмасфернага паветра Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Багдана Казярук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Плюсы сёлетняга халаднаватага лета ў тым, што атмасфернае паветра стала чысцейшым. Гэтаму садзейнічала частая змена сінаптычных працэсаў, перыядычна ідуць дажджы, дзьме моцны вецер. У першым паўгоддзі ў большасці гарадоў краіны, дзе праводзіцца маніторынг атмасфернага паветра, яго якасць ацэньваецца як стабільна добрая", - адзначыла Багдана Казярук.

У той жа час у заходняй частцы Гомеля, напрыклад, фіксуецца перавышэнне нарматыву якасці па аксідзе вугляроду. У Магілёве адзначаецца самая высокая паўтаральнасць перавышэнняў нарматыву якасці па феноле. У Наваполацку пры паўднёва-заходнім і заходнім ветры эпізадычна фіксуюць перавышэнне нарматыву па дыаксідзе серы.

Што датычыцца Мінска, у перыяды без ападкаў фіксуюцца перавышэнні канцэнтрацыі дробнадысперснага пылу ў паветры. Але яно добра асвяжаецца пасля моцных дажджоў. Узровень запыленасці паветра ў сталіцы нізкі, падкрэсліла Багдана Казярук.

Ва ўсіх гарадах, дзе праводзіцца маніторынг, у чэрвені быў зафіксаваны рост канцэнтрацыі фармальдэгіду - асабліва ў трэцяй дэкадзе, калі назіраліся дні з тэмпературай вышэйшай за 20 градусаў цяпла. У васьмі гарадах зафіксаваны кароткачасовыя перавышэнні па фармальдэгідзе ў 1,5-2 разы.

Маніторынг атмасфернага паветра праводзіцца ў 19 прамысловых гарадах на 66 стацыянарных пунктах, 15 з якіх укамплектаваны аўтаматычнымі станцыямі, вымярэнне на іх праводзіцца ў кругласутачным рэжыме.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі