Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 лютага 2017, 18:37

"Хачу бачыць рэальную сітуацыю на месцах". Качанава правяла прыём грамадзян у Жодзіне

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава сёння правяла ў Жодзіне выязны прыём па пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Да яе запісаліся больш за два дзясяткі чалавек, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адной з першых на прыём да Наталлі Качанавай прыйшла экс-кандыдат на пасаду Прэзідэнта Беларусі Таццяна Караткевіч. Яе хвалявалі канкрэтныя нормы дэкрэта нумар 3, у якасці прыкладу яна прывяла цяжкія жыццёвыя сітуацыі сваіх знаёмых і суседзяў. Размова таксама ішла аб важнасці развіцця ў краіне малога бізнесу і стварэння рабочых месц.

Людміла Гукава з Жодзіна звярнулася наконт вызвалення ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў дачкі, якая не так даўно выйшла замуж за іншаземца, грамадзяніна Германіі, і жыве ў Гельнхаўзене, ужо атрымала там пасведчанне на права жыхарства. У 2015 годзе дзяўчына перыядычна знаходзілася ў Беларусі - рыхтавала дакументы для рэгістрацыі шлюбу. У 2017 годзе на яе імя прыйшло паведамленне аб выплаце збору, якое атрымала маці. Жанчына лічыць гэты факт несправядлівым, паколькі дачка знаходзілася ў Беларусі вымушана і цяпер у краіне ўжо не пражывае.

Алена Лугаўская з Жодзіна - шматдзетная маці, яе старэйшая дачка - інвалід (ад нараджэння праблемы з пазваночнікам). Дачка дарослая, але пасля аперацыі на пазваночніку ў 2015 годзе клопат аб ёй лёг на плечы маці, і жанчына вымушана была не працаваць. У тым жа годзе моцна хварэў яе малодшы сын. У бягучым годзе Алена атрымала паведамленне на выплату збору і звярнулася ў мясцовыя органы ўлады, аднак па заяве ёй было адмоўлена. У час прыёму грамадзян высветлілася, што жанчына прадаставіла не ўсе неабходныя медыцынскія даведкі, якія пацвярджаюць дыягназы дзяцей.

Наталля Качанава даручыла дэталёва разабрацца ў гэтай сітуацыі. Яна таксама заклікала мясцовыя ўлады быць больш гібкімі ў плане разгляду зваротаў аб вызваленні ад выплаты збору, паколькі крытэрыі цяжкай жыццёвай сітуацыі ў дэкрэце выразна не прапісаны. А значыць, рашэнне ў кожным канкрэтным выпадку павінна прымацца з улікам абставін.

Пагаварыць аб цяжкай жыццёвай сітуацыі прыйшла і Тамара Міхейчык з Жодзіна. Яна адзначыла абмежаванні па стане здароўя і выклала праблему ў пісьмовым выглядзе.

Вольга Марціновіч, Вольга Саўчына, Галіна Цюхай з аграгарадка Хацежына з'яўляюцца ініцыятарамі па крымінальнай справе, што ўзбуджана ў адносінах да аднаго з дэпутатаў Хацежынскага сельскага Савета. Паводле слоў жанчын, гэта чыноўніца, будучы ў той жа час старшынёй ЖБСК, дапусціла істотныя парушэнні па ўключэнні ў склад забудоўшчыкаў і льготным крэдытаванні па двух жылых дамах, у якіх цяпер і пражываюць грамадзяне, якія прыйшлі на прыём, - 2010 і 2014 гадоў. Адзін з гэтых дамоў ужо мае патрэбу ў капітальным рамонце, у другім назіраецца значнае падтапленне падвалаў. Жанчыны папрасілі Наталлю Качанаву дапамагчы разабрацца з іх праблемамі.

Мікалай Леанавец з Жодзіна лічыць, што яго таксама неабходна вызваліць ад выплаты збору, паколькі ў яго няма пастаяннай работы. Між тым малады чалавек не звяртаўся з заявай у мясцовыя органы ўлады, не знаходзіцца на ўліку ў цэнтры занятасці. Паводле яго слоў, шукаў работу самастойна, але беспаспяхова, скончыў курсы па вэб-дызайне і цяпер займаецца тым, што робіць пад заказ дыпломныя работы. Наталля Качанава параіла маладому чалавеку для пачатку напісаць заяву з просьбай вызваліць яго ад выплаты збору, стаць на ўлік у гарадскі цэнтр занятасці і ў той жа час актыўна шукаць работу, каб не знаходзіцца на ўтрыманні ў маці-пенсіянеркі.

Яна Скакун з Жодзіна прыйшла на прыём з мужам. Сямейная пара расказала, што ў іх на ўтрыманні знаходзіцца малалетні сын, але яны абодва не працуюць па аб'ектыўных прычынах. Малады чалавек па прафесіі будаўнік, але з-за праблем са здароўем яму нельга падымаць цяжкае. Іншую работу ён знайсці не можа. Жонка ў 2016 годзе скончыла ВНУ (правазнаўства), знаходзіцца на ўліку ў цэнтры занятасці, працаваць хоча выключна па спецыяльнасці, іншыя вакансіі не разглядае. Наталля Качанава звярнула ўвагу, што ў гэтай сям'і падрастае сын, а таму ім трэба задумацца пра будучыню і больш сур'ёзна разглядаць вакансіі, якія ім прапануюцца.

Сваю сітуацыю на прыёме выклаў і Віктар Мельнік з Жодзіна. У 2015 годзе ён працаваў у Расіі, да гэтага разам з бацькам працаваў сталяром у індывідуальнага прадпрымальніка. Аднак запісаў у працоўных кніжках прыватнік ім так і не зрабіў (зарплата выдавалася ў канвертах), з-за чаго ўзнікла праблема. Яму прыйшло пісьмо з падатковай аб выплаце збору. Між тым мужчына ў гутарцы не змог прыгадаць ні назву населенага пункта, дзе ён працаваў, ні назву прадпрыемства. Наталля Качанава сказала, што мужчыне для пачатку трэба аднавіць усе даныя аб ранейшым рабочым месцы, напісаць заяву ў мясцовыя органы ўлады і абгрунтаваць сваю пазіцыю. Цяпер Віктар Мельнік працаўладкаваны.

Размаўляючы з грамадзянамі, Наталля Качанава прызналася, што ў рабоце са зваротамі бачыць магчымасць ацаніць рэальную сітуацыю на месцах. "Першае пытанне, якое мы будзем разглядаць на калегіі ў Адміністрацыі Прэзідэнта, - гэта пытанне па зваротах грамадзян", - сказала яна.-0-

Качанава аб рабоце са зваротамі грамадзян: калі шмат пытанняў даходзіць да вышэйшых інстанцый - гэта няправільнаКачанава аб рабоце са зваротамі грамадзян: калі шмат пытанняў даходзіць да вышэйшых інстанцый - гэта няправільна
"У бліжэйшы час (мы запланавалі яшчэ ў канцы мінулага года) у Адміністрацыі Прэзідэнта адбудзецца калегія, дзе будзе разглядацца пытанне аб зваротах грамадзян", - расказала Наталля Качанава.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі