Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 снежня 2017, 17:24

Грамадзянам Беларусі для спагнання аліментаў з-за граніцы трэба будзе падаць дакументы праз Мінюст

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Працэдура спагнання аліментаў з-за граніцы на забеспячэнне дзяцей для грамадзян Беларусі значна спрашчаецца, заявіў сёння журналістам міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёння на пасяджэнні ратыфікавалі Канвенцыю аб міжнародным парадку спагнання аліментаў на дзяцей і іншых форм утрымання сям'і. Дакумент падпісаны ў сакавіку бягучага года ў г.Гаага (Нідэрланды), ён быў прыняты ў 2007 годзе Гаагскай канферэнцыяй па міжнародным прыватным праве (Канвенцыя ГКМПП). Канвенцыя ГКМПП, якая ўступіла ў сілу 1 жніўня 2013 года, ставіць перад сабой задачу стварэння адзінага спрошчанага і эфектыўнага міжнароднага механізма, які дасць магчымасць разглядаць справы аб спагнанні аліментаў за граніцай хутчэй і з меншымі выдаткамі.

На думку Алега Сліжэўскага, прымяненне і ўступленне ў сілу Канвенцыі 2007 года адыграе для Беларусі значную ролю ў плане абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, адносна якіх іх бацькі, якія пражываюць на тэрыторыі шэрага дзяржаў, абавязаны выплачваць сродкі на ўтрыманне. "Сёння складваецца сітуацыя, калі ў адносінах да шэрага еўрапейскіх краін даволі складана спагнаць аліменты, калі даўжнік па аліментах (бацька дзіцяці) пражывае на тэрыторыі краін ЕС або ЗША", - растлумачыў кіраўнік ведамства.

Ён звярнуў увагу, што дзеючая цяпер Канвенцыя ААН 1965 года, удзельніцай якой Беларусь з'яўляецца, не прадугледжвае абавязковай працэдуры прызнання судовых рашэнняў па спагнанні аліментаў, вынесеных на тэрыторыі Беларусі. У той жа час Канвенцыя 2007 года якраз і прызначана ўрэгуляваць гэта пытанне шляхам падачы пэўнага пераліку дакументаў праз цэнтральныя органы.

"Неабходна будзе падаць дакладны і зразумелы спіс дакументаў па форме, якая вызначана. Гэты вычарпальны пералік дакументаў падаецца ў Міністэрства юстыцыі, а далей Мінюст прад'яўляе ўжо яго для прызнання на тэрыторыі іншай дзяржавы", - заўважыў Алег Сліжэўскі.

Такім чынам, паводле яго слоў, працэдура спагнання аліментаў на тэрыторыі шэрага краін, якія далучыліся да Канвенцыі ГКМПП, становіцца не толькі магчымай, але і простай, даступнай, аператыўнай і больш таннай. Міністр таксама ўдакладніў, што на сёння дзеянне Канвенцыі 2007 года распаўсюджваецца на 38 краін.

На гэты час удзельнікамі Канвенцыі ГКМПП з'яўляюцца Албанія, Боснія і Герцагавіна, 27 дзяржаў - членаў ЕС, Нарвегія, Бразілія, ЗША, Турцыя, Украіна і Чарнагорыя і іншыя краіны, і яна прадаўжае атрымліваць усё большае прызнанне ў якасці асноўнага інструмента па пытаннях міжнароднага парадку спагнання аліментаў. Магчымасць далучэння да яе разглядаецца шэрагам дзяржаў.

Правядзенне ўнутрыдзяржаўных працэдур дасць магчымасць Беларусі ўжо ў 2018 годзе прымяняць прадугледжаныя міжнародным дагаворам механізмы для спагнання аліментаў з-за мяжы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі