Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 сакавіка 2017, 10:32

Грамадскі савет па пытаннях адукацыі ствараецца ў Беларусі

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грамадска-кансультатыўны савет па пытаннях адукацыі ствараецца ў Беларусі. Такое рашэнне было прынята 23 сакавіка на пасяджэнні з удзелам зацікаўленай грамадскасці і міністра адукацыі Ігара Карпенкі, якое праходзіла ў гімназіі нумар 1 імя Ф.Скарыны ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Патрэбны грамадскі савет, які мог бы абмяркоўваць найбольш важныя сацыяльна значныя пытанні дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, маладзёжнай палітыкі, у галіне аховы дзяцінства, апякунства непаўналетніх", - сказаў Ігар Карпенка. Савет мог бы аналізаваць практыку прымянення нарматыўных прававых актаў і эфектыўнасць прававога рэгулявання ў названай сферы. Немалаважны момант - экспертыза грамадска значных праектаў дакументаў, распрацаваных Міністэрствам адукацыі. Асаблівае значэнне савет будзе надаваць фарміраванню пазітыўнага грамадскага меркавання сістэмы адукацыі.

У грамадскі савет увойдуць не толькі спецыялісты са сферы адукацыі і навукі, але і тыя, хто заняты ў іншых сферах дзейнасці, людзі з рознымі рангамі і рэгаліямі, медыйныя персоны - не толькі жыхары Мінска, але і прадстаўнікі рэгіёнаў. Будуць прадстаўлены як дзяржаўныя ўстановы, так і прыватныя.

Удзельнікі пасяджэння прынялі рашэнне, што ў бліжэйшы час неабходна адпрацаваць юрыдычны статус савета, арганізацыйныя моманты. Затым адбудзецца аргсход, які і зацвердзіць савет, яго кіруючы склад. Удзельнікам сходу таксама трэба прапанаваць грамадска значныя тэмы, якія, на іх думку, варта вынесці на абмеркаванне.

Ігар Карпенка паабяцаў, што Міністэрства адукацыі створыць усе неабходныя ўмовы для работы грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі