Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 ліпеня 2017, 12:54

Горваль: шматдзетныя сем'і маюць першачарговае права на адрасныя жыллёвыя субсідыі

14 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шматдзетныя сем'і маюць першачарговае права на адрасныя жыллёвыя субсідыі. Аб гэтым 13 ліпеня паведаміў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

Прадстаўнік Мінбудархітэктуры падкрэсліў, што "шматдзетныя сем'і маюць права на дзяржпадтрымку ў першачарговым парадку", таксама як сем'і з дзецьмі-інвалідамі, інваліды і гэтак далей. "Умовы для іх застаюцца тыя ж, што і па ўказе нумар 13, - растлумачыў Аляксандр Горваль. - Змяніўся толькі прынцып і крыніца фінансавання. Адзінае - у розных банках розныя ўмовы крэдытавання, таму могуць быць ваганні плацяжоў па ўказе нумар 240".

Спецыяліст звярнуў увагу, што выканкамы, зыходзячы з колькасці розных катэгорый, вызначаюць аб'ёмы іх фінансавання. Частка грошай ідзе на першачаргавікоў, частка - на агульную чаргу. "Мясцовыя ўлады ў залежнасці ад сітуацыі на падведамнай тэрыторыі рэгулююць гэтыя працэсы", - дадаў ён.

Як паведамлялася, указ нумар 240 уводзіць у Беларусі адраснае субсідзіраванне ў жыллёвым будаўніцтве. Яно прадугледжана на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва жылля, атрыманым грамадзянамі ў любым камерцыйным банку, а шматдзетным і маладым сем'ям і дзецям-сіротам - таксама на пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах. Атрымальнікамі субсідый могуць быць усе грамадзяне, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі ў адпаведнасці з указам нумар 13 ад 6 студзеня 2012 года.

Механізм прадастаўлення дзяржаўных субсідый распрацаваны з улікам максімальнага захавання прынцыпаў дзеючай сістэмы дзяржаўнай падтрымкі жыллёвага будаўніцтва: сума дзяржаўнай падтрымкі будзе разлічвацца зыходзячы з колькасці членаў сям'і, нарміруемых памераў жылога памяшкання і гранічнага нарматыву кошту будаўніцтва; умовамі прадастаўлення такой дзяржаўнай падтрымкі будуць чарговасць атрымання і аднясенне грамадзян да катэгорыі малазабяспечаных.

Указ нумар 240 уступіць у сілу 6 жніўня 2017 года. Савет Міністраў зацвердзіць пастанову па рэалізацыі норм указа. На гэты момант праект пастановы праходзіць узгадненне. Дапрацоўваецца план мерапрыемстваў па рэалізацыі ўказа. Акрамя таго, будзе скарэкціраваны шэраг нарматыўна-прававых актаў. Сярод іх - кодэксы аб сям'і і шлюбе, аб адміністрацыйных правапарушэннях, аб зямлі, жыллёвы і падатковы кодэксы, а таксама законы аб ветэранах, аб статусе герояў, указы нумар 498, нумар 667, нумар 195, нумар 13, нумар 263 і іншыя, а таксама пастановы ўрада. Змяненні нарматыўна-прававой базы плануецца ажыццявіць на працягу чатырох месяцаў. У цэлым новы механізм дасць магчымасць пашырыць аб'ём крэдытавання жыллёвага будаўніцтва. Пры гэтым яно будзе ажыццяўляцца з элементамі дзяржаўнай падтрымкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі