1 снежня, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Годам турызму Беларусі ў Кітаі будзе аб'яўлены 2018 год. Аб гэтым ішла размова сёння на сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова з прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Андрэй Кабякоў прапанаваў афіцыйна аб'явіць 2018 год Годам турызму Беларусі ў Кітаі. Сёння Беларусь распрацоўвае комплексную канцэпцыю развіцця турызму не проста як галіны, а як аднаго з рухавікоў нацыянальнай эканомікі. Галоўным каталізатарам сусветнага турызму бачыцца Кітай, і Беларусі ёсць што прапанаваць кітайскім турыстам.
На сустрэчы таксама абмяркоўвалася фінансава-крэдытнае супрацоўніцтва, рэалізацыя праекта па будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Андрэй Кабякоў праінфармаваў, што цяпер працягваецца стварэнне неабходнай для развіцця парка інфраструктуры.
Акрамя таго, прэм'ер-міністр пацвердзіў гатоўнасць Беларусі працягваць рэалізацыю праектаў па арганізацыі адпачынку і аздараўлення кітайскіх дзяцей.
Лі Кэцян падтрымаў прапанову аб'явіць 2018-ы Годам турызму Беларусі ў Кітаі. Усе ініцыятывы беларускага боку ўважліва разглядаюцца Кітаем, запэўніў ён. Што датычыцца развіцця парка "Вялікі камень", то Кітай нацэлены на рэалізацыю канкрэтных узаемавыгадных праектаў.
Прэм'ер Дзяржсавета асобна выказаў удзячнасць Прэзідэнту Беларусі за прапанову па аздараўленні кітайскіх дзяцей.
Андрэй Кабякоў знаходзіцца з рабочым візітам у Сочы, дзе 30 лістапада - 1 снежня праходзіць пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. На палях саміту ў прэм'ер-міністра праходзіць шэраг двухбаковых сустрэч з замежнымі партнёрамі.-0-