Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 мая 2017, 18:18

Гатоўнасць усіх пляжаў Беларусі да сезона правераць да 29 мая

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы ацэняць стан і добраўпарадкаванне ўсіх зон адпачынку насельніцтва каля водных аб'ектаў да 29 мая, паведаміла журналістам загадчыца аддзялення камунальнай гігіены ДУ "Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя" Ірына Жаўняк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асноўную ўвагу ўдзеляць стану пад'язных дарог, туалетаў, урнаў, кантэйнерных пляцовак, кабін для пераапранання, своечасовасці прыбірання тэрыторыі і вывазу смецця, пакосу травы, фарбаванню і рамонту малых архітэктурных форм. Па выніках маніторынгу ўласнікам выдаюцца прадпісанні і рэкамендацыі.

Паводле слоў Ірыны Жаўняк, цяпер прэтэнзій да якасці вады ў санітарна-эпідэміялагічнай службы няма. Паводле даных сіноптыкаў, вада ў вадаёмах рэспублікі прагрэлася да 13-19 градусаў. Купальны сезон звычайна пачынаецца 1 чэрвеня, завяршаецца 31 жніўня. У перыяд масавага купання спецыялісты рэгулярна праводзяць адбор проб вады і лабараторныя даследаванні на прадмет адпаведнасці ўстаноўленым параметрам бясшкоднасці і бяспекі. Актуальная інфармацыя размяшчаецца на сайце цэнтра.

"Як правіла, у паўднёвых рэгіёнах - Брэсцкай і Гомельскай абласцях - часцей прымаюцца рашэнні аб прыпыненні або абмежаванні купання. Вада там хутчэй праграваецца і больш высокая рызыка пагаршэння яе якасці. У першым выпадку забараняецца купацца і дзецям, і дарослым, у другім выпадку - толькі дзецям", - адзначыла Ірына Жаўняк.

Усяго ў Беларусі налічваецца каля 600 зон адпачынку каля вады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі