Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 снежня 2017, 16:55

Гашэнне маркіраванага канверта да 100-годдзя Беларускага Дома друку адбылося ў Мінску

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гашэнне маркіраванага канверта да 100-годдзя Беларускага Дома друку адбылося ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да 100-годдзя флагмана беларускай паліграфіі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне спецыяльны памятны штэмпель "100 гадоў з дня заснавання Беларускага Дома друку". А рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства паштовай сувязі "Белпошта" падрыхтавала да гэтай знамянальнай падзеі маркіраваны канверт, мастацкай асновай якога стала выява будынка і лагатыпа прадпрыемства. Тыраж канверта склаў 30 тыс. экзэмпляраў.

Віншуючы ўдзельнікаў цырымоніі, міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што сённяшняя падзея адкрывае шэраг юбілейных мерапрыемстваў, якія пройдуць у гэтыя дні. Гісторыя краіны, як і гісторыя айчыннай філатэліі, немагчыма без той работы, якую за многія дзесяцігоддзі выконваў калектыў Беларускага Дома друку.

Намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта Валерый Ярмошка звярнуў увагу, што Беларускі Дом друку, нягледзячы на век інфармацыйных тэхналогій, канкурэнтаздольны і ўпэўнена глядзіць у будучыню. Прадпрыемства знаходзіць сваю нішу, новыя напрамкі дзейнасці і пры гэтым цалкам задавальняе попыт на друкаваную прадукцыю, з'яўляецца рэнтабельным.

Генеральны дырэктар РУП "Выдавецтва "Беларускі Дом друку" Раман Алейнік расказаў, што, адзначаючы стагоддзе, падводзячы вынікі, прадпрыемства будуе далейшыя планы. "Сёння мы шукаем новыя напрамкі дзейнасці, і адзін з перспектыўных - упакоўка, якая займае 25 працэнтаў у аб'ёме выпуску. Можна сказаць, што Беларускі Дом друку - гэта камбінат друку са шматлікімі напрамкамі дзейнасці. Тут газеты, часопісы, кнігі, спецвытворчасці", - дадаў ён.

Паводле слоў першага намесніка генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" Алены Скрыпчык, у Беларускім Доме друку надрукавана каля 600 відаў марак, і супрацоўніцтва "Белпошты" з прадпрыемствам будзе прадоўжана.

Паштовы праект - унікальны спосаб інфармавання і знак удзячнасці за адказнае стаўленне да пытанняў выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь. Работу друкароў БДД можна лічыць эталонам прафесіяналізму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі