Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 ліпеня 2017, 14:55

Гарачае надвор'е і ападкі чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя

20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гарачае надвор'е і ападкі чакаюцца ў выхадныя ў Беларусі, паведаміла БЕЛТА намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова.

На гэтым тыдні ў Беларусі адзначалася даволі камфортнае надвор'е, але тэмпературны фон па-ранейшаму ўтрымліваецца на 1-3 градусы ніжэйшы за кліматычную норму. У дзённы час тэмпература паветра па рэспубліцы ў асноўным складае 20-26 градусаў цяпла, а тэмпература вады ў рэках і вадаёмах - 17-20 градусаў. Толькі на рацэ Прыпяць вада прагрэлася да плюс 21-22 градусаў. Да канца тыдня найбольш цёплае і няўстойлівае надвор'е чакаецца ў паўднёвых раёнах краіны.

У пятніцу, 21 ліпеня, пад уплывам франтальных раздзелаў, якія перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы, пераважна па паўднёвай палавіне краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. У паўночных раёнах будзе ў асноўным без ападкаў. Тэмпература паветра ноччу складзе ад 8 градусаў па поўначы да 18 цяпла па поўдні краіны. Днём паветра прагрэецца да 21-27 градусаў, па поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей - да плюс 28-30 градусаў.

У суботу паўднёвая палавіна краіны застанецца пад уплывам франтальных раздзелаў, што абумовіць няўстойлівы характар надвор'я. Ноччу і раніцай у паўднёвых і цэнтральных раёнах, а днём пераважна па паўднёва-ўсходняй палавіне рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах моцныя. Месцамі дажджы будуць суправаджацца навальніцамі, днём магчымы град. Тэмпература паветра ноччу складзе 9-16 градусаў цяпла, па поўдні - плюс 17-19 градусаў. Днём будзе плюс 19-26, па поўдні краіны - плюс 27-30 градусаў.

У нядзелю, 23 ліпеня, з ростам атмасфернага ціску чакаецца цёплае пераважна без ападкаў надвор'е, толькі днём у асобных раёнах па паўднёвым захадзе рэспублікі магчымы кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 9-16 градусаў цяпла, па поўдні - плюс 18, днём - плюс 22-29 градусаў.

24 ліпеня тэрыторыя Беларусі апынецца пад уплывам атмасферных франтоў ад цыклону з цэнтрам над поўднем Швецыі. Ноччу па паўднёвым захадзе, днём на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах з навальніцамі. Тэмпература паветра ноччу складзе 12-19 градусаў цяпла, днём паветра прагрэецца да 20-27 градусаў, па паўднёвым усходзе - да плюс 28-30 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі