Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 мая 2016, 16:25

ФПБ ініцыіруе ўвядзенне ў Беларусі страхавання па беспрацоўі

24 мая, Мінск /Святлана Васілеўская - БЕЛТА/. ФПБ ініцыіруе ўвядзенне ў Беларусі страхавання па беспрацоўі, паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Максім Каршакевіч, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

"Нам хацелася б, каб работа над гэтым пытаннем, у прыватнасці, распрацоўкай адпаведнага законапраекта, пачалася ўжо ў наступным годзе. Я думаю, праз некалькі гадоў, у прынцыпе, рэальна, каб гэта сістэма пачала працаваць у нашай краіне", - сказаў Максім Каршакевіч.

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення, ва ўсім свеце сістэма матэрыяльнай падтрымкі беспрацоўных вырашае некалькі задач: барацьба з беднасцю, замяшчэнне страчанага заработку. Гэта дае магчымасць чалавеку, які страціў работу, пры захаванні прывычнага для яго ўзроўню жыцця шукаць нейкі час рабочае месца. Таму сёння ФПБ лічыць неабходным узняць пытанне аб увядзенні страхавання па беспрацоўі.

Паводле слоў старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды, гэта пытанне сёння вельмі актуальнае. "За апошні год мы назіраем павелічэнне вымушанай няпоўнай занятасці. У сувязі з гэтым асаблівую актуальнасць набывае пытанне дастатковасці тых страховачных механізмаў, якія сёння ёсць у нас у краіне і якія павінны змякчаць вынікі гэтых негатыўных працэсаў для работнікаў. Міжнародны вопыт сведчыць, што страхаванне па беспрацоўі і страхаванне на выпадак страты зароботку па прычыне банкруцтва прадпрыемства з'яўляюцца дзейснымі мерамі абароны работнікаў", - сказаў ён.

Такая практыка добра зарэкамендавала сябе ў многіх краінах. У прыватнасці, у Латвіі дапамога па беспрацоўі разлічваецца ў залежнасці ад працягласці страхавога стажу. "Калі стаж да 9 гадоў, тады дапамога вызначаецца ў памеры 50 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты, калі страхавы стаж 10-19 гадоў - 55 працэнтаў, 20-29 гадоў - 60 працэнтаў, звыш 30 гадоў - 65 працэнтаў сярэдняй зарплаты", - паведаміла дырэктар Дэпартамента сацыяльнага страхавання Міністэрства дабрабыту Латвіі Яна Муіжніецэ. Сума выплат праводзіцца з разліку сярэдняга заработку за папярэднія 12 месяцаў. Пры гэтым сістэма выплаты дапамогі па беспрацоўі мае абмежаванні па працягласці, што стымулюе чалавека на актыўны пошук работы.

Адным з важных крокаў, які прызначаны палепшыць эканамічнае становішча беспрацоўных у Беларусі, стала падпісанне ў канцы 2015 года Генеральнага пагаднення паміж урадам, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў. У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца аб неабходнасці павышэння памеру дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню бюджэту пражытачнага мінімуму.

Пытанне страхавання па беспрацоўі і страхавання на выпадак страты заработку з прычыны неплацежаздольнасці (банкруцтва) наймальніка старшыня ФПБ Міхаіл Орда абмяркоўваў на рабочай сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў снежні 2015 года. Прэзідэнт падтрымаў ініцыятыву ФПБ аб прапрацоўцы прымальнага варыянта ўкаранення такой сістэмы ў Беларусі.

Сёння ў Мінску прайшоў круглы стол па абмеркаванні перспектыў укаранення названых відаў сацыяльнага страхавання з удзелам міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, эканомікі, фінансаў, Генеральнай пракуратуры, Нацыянальнай акадэміі навук, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Нацыянальнага сходу. Па выніках работы плануецца выпрацаваць прапановы, якія будуць накіраваны прафсаюзным бокам ва ўрад, а таксама ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2017 года. Акрамя таго, вынікі работы круглага стала будуць разгледжаны на адным з маючых адбыцца пасяджэнняў Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях з мэтай максімальна ўзгадніць пазіцыі ўсіх сацыяльных партнёраў па гэтым пытанні.

Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на 1 красавіка 2016 года - 53,5 тыс. чалавек. Каэфіцыент напружанасці на рынку працы павялічыўся з 1,5 беспрацоўнага на адну вакансію на 1 студзеня да 1,83 беспрацоўнага на адну вакансію на 1 красавіка 2016 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі