2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія школы з 1 студзеня 2019 года плануецца перавесці на новы метад фінансавання - у залежнасці ад колькасці вучняў. Аб гэтым паведаміла журналістам начальнік аддзела аплаты працы і нарміравання штатнай колькасці галоўнага ўпраўлення эканомікі адукацыі Міністэрства адукацыі Наталля Крывалапава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Плануецца, што з 1 студзеня 2019 года ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі пяройдуць на новы метад фінансавання, які будзе заключацца ў тым, што яны будуць атрымліваць фінансаванне ў адпаведнасці з нарматывам з разліку на аднаго вучня", - сказала Наталля Крывалапава.
Паводле яе слоў, гэта забяспечыць справядлівасць і празрыстасць фінансавання. "Кожная школа атрымае бюджэтныя сродкі ў залежнасці ад колькасці вучняў у ёй. Пры гэтым ніякай аптымізацыі не прадугледжваецца, тут адбудзецца проста пераразмеркаванне фінансавых сродкаў. Цяпер у нас існуе каштарыснае фінансаванне: разлік зарплаты ідзе ад колькасці класаў у школе і ніяк не залежыць ад колькасці вучняў у ёй, а ў класе можа быць і 30, і 15, і 5 чалавек. Фінансаванне, залежнае ад колькасці вучняў, паставіць установы адукацыі ў аднолькавыя ўмовы", - падкрэсліла начальнік аддзела.
У Беларусі працуе больш за 3 тыс. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі - гэта школы, гімназіі, ліцэі, у якіх навучаецца больш за 1 млн вучняў. Адукацыйны працэс забяспечваюць каля 119 тыс. педагагічных работнікаў, у тым ліку амаль 99 тыс. настаўнікаў. Вышэйшую адукацыю маюць больш за 92 працэнты педработнікаў, з іх вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю - 76,3 працэнта, кваліфікацыю настаўнік-метадыст - больш за 200 педагогаў. Работу з 1 верасня ва ўстановах адукацыі пачалі больш як 4,6 маладых спецыялістаў.-0-