Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лістапада 2017, 09:00

Дзяржкамітэт судэкспертыз зацікаўлены ў сумесных праектах з НАН Беларусі

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз зацікаўлены ў сумесных праектах з вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Размова аб гэтым ішла ў час сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіла Мясніковіча са старшынёй камітэта Андрэем Шведам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Савета Рэспублікі.

Міхаіл Мясніковіч наведаў 22 лістапада Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз і азнаёміўся з асноўнымі напрамкамі яго работы. Андрэй Швед праінфармаваў яго аб матэрыяльна-тэхнічным і кадравым забеспячэнні ведамства, расказаў аб рабоце лабараторый па даследаваннях наркотыкаў, зброі, а таксама аддзела экспертыз матэрыялаў, рэчываў і вырабаў.

У час сустрэчы была адзначана зацікаўленасць Дзяржкамітэта ў сумеснай рабоце з вучонымі НАН Беларусі. Выказана прапанова аб арганізацыі сустрэч, на якіх бакі маглі б абмеркаваць магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў, у тым ліку за кошт сродкаў рэспубліканскага інавацыйнага фонду.

Старшыня Савета Рэспублікі сустрэўся таксама з калектывам камітэта судэкспертыз. У сваім выступленні Міхаіл Мясніковіч высока ацаніў прафесіяналізм супрацоўнікаў і падкрэсліў, што ад якасці іх работы залежаць лёсы людзей. Ён расказаў аб асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, звярнуўшы ўвагу на запланаваныя меры па забеспячэнні росту эканомікі, а таксама праінфармаваў аб рабоце парламентарыяў па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства і ролі парламенцкага вымярэння ў дзяржаве і грамадстве.

Міхаіл Мясніковіч адказаў на пытанні супрацоўнікаў камітэта. У прыватнасці, адзін з удзельнікаў сустрэчы пацікавіўся, ці плануецца ў Беларусі адмяніць дарожны збор. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ў бліжэйшы час такой меры не прадугледжана. Таксама прагучала пытанне, якое датычыцца правядзення ў Беларусі ІІ Еўрапейскіх гульняў, значэння гэтага маштабнага міжнароднага мерапрыемства для краіны. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што ў Беларусі створана сучасная спартыўная і гасцінічная інфраструктура, што дасць магчымасць дастойна прыняць спаборніцтвы такога ўзроўню.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі