Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 кастрычніка 2017, 16:25

Дзяржава, грамадства і бізнес павінны разам вырашаць праблемы людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе - Шчоткіна

12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржава, грамадзянская супольнасць і бізнес павінны разам вырашаць праблемы людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Такое меркаванне выказала старшыня ГА "Беларускі саюз жанчын", намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мар'яна Шчоткіна сёння на цырымоніі перадачы рабатызаванага кінезітрэнажора TRINITI Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемства арганізавана дабрачынным рухам Беларускага саюза жанчын "З любоўю да Беларусі". Інавацыйны комплекс прызначаны для аднаўлення рухальных і каардынатарных парушэнняў у сферы нейрарэабілітацыі, траўматалогіі і артапедыі. TRINITI шматфункцыянальны, у пераліку яго магчымасцей - вертыкалізацыя, механатэрапія і дазіраваныя каардынатарныя трэніроўкі.

Паводле слоў Мар'яны Шчоткінай, прэзідыум ГА "Беларускі саюз жанчын" прыняў рашэнне перадаць дабрачынны дар БХМД, каб яго выкарыстанне прынесла як мага больш карысці максімальнай колькасці людзей для аднаўлення іх рухальнай і каардынатарнай актыўнасці. "Вельмі важна, што гэта айчынная інавацыйная распрацоўка. І яна вельмі патрэбна для рэабілітацыі тых, хто трапіў у бяду, перанёс цяжкае захворванне, - сказала старшыня Беларускага саюза жанчын. - Хацелася б, каб такое медыцынскае абсталяванне новага пакалення з'явілася ва ўсіх рэабілітацыйных аддзяленнях устаноў сістэмы аховы здароўя і ў стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе ёсць у іх патрэбнасць".

Яна адрасавала шчырую ўдзячнасць кіраўніку групы кампаній "Сансіці" Мікалаю Уласюку - ураджэнцу Мінска, які не ўпершыню ўдзельнічае ў дабрачынным руху "З любоўю да Беларусі". У мінулым годзе ён бязвыплатна перадаў Беларускаму саюзу жанчын шэсць спецыялізаваных аўтамабіляў ГАЗ-3221, абсталяваных для перавозкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі (аўтамабілі падораны беларускім дамам-інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў). "Сацыяльна адказны бізнес - гэта не проста словы, гэта канкрэтныя справы для людзей, - падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна. - Назва нашага руху "З любоўю да Беларусі" асацыіруецца з любоўю да людзей. Радасна, што гэты рух аб'ядноўвае не толькі жыхароў нашай краіны, але і суайчыннікаў за мяжой - да яго можа далучыцца любы чалавек і суб'ект гаспадарання, які жадае аказаць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу".

Кошт кінезітрэнажора - каля 10 тыс. еўра. Дарэчы, падобнае абсталяванне за мяжой (дакладных аналагаў яму ў свеце пакуль няма) каштуе каля 200-250 тыс. еўра. Цана - фактар істотны, але галоўная каштоўнасць апарата - у яго шматфункцыянальнасці. Мікалай Уласюк абгрунтаваў выбар трэнажора TRINITI ў якасці дабрачыннага дару тым, што гэта беларуская інавацыйная распрацоўка. І хоць ён не канкрэтызаваў свае далейшыя крокі па ўзаемадзеянні з ГА "БСЖ", але запэўніў, што яно будзе прадоўжана.

Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан растлумачыла, што БХМД у якасці "месца прапіскі" кінезітрэнажора выбрана невыпадкова: у гэтай установе аховы здароўя атрымліваюць кваліфікаваную меддапамогу найбольш цяжкія пацыенты з усёй рэспублікі з парушэннямі апорна-рухальнага апарату ў выніку чэрапна-мазгавых траўм, інсультаў і г.д. "Рэабілітацыю такіх пацыентаў неабходна пачынаць як мага раней, каб не толькі знізіць інваліднасць, але і максімальна палепшыць якасць жыцця. TRINITI - унікальнае абсталяванне, яно дапаможа ў гэтым людзям, якія праходзяць рэабілітацыю ў БХМД", - сказала прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі - вядучая ўстанова ў краіне па аказанні кругласутачнай спецыялізаванай экстраннай дапамогі розным катэгорыям пацыентаў. Перш за ўсё сюды накіроўваюць людзей з вострымі захворваннямі, траўмамі, атручэннямі і г.д. БХМД прымае штогод каля 80 тыс. пацыентаў з Мінска і рэгіёнаў рэспублікі, з іх 39-40 тыс. чалавек атрымліваюць тут стацыянарнае лячэнне. "У сваёй рабоце выкарыстоўваем высокатэхналагічныя метады дыягностыкі і лячэння, парк абсталявання пастаянна папаўняецца, - сказаў на цырымоніі галоўны ўрач БХМД Андрэй Барысаў. - Найбольш цяжкія пацыенты - з чэрапна-мазгавымі траўмамі, вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту (такіх у год ва ўстанове ў сярэднім каля 3 тыс.). Для іх вельмі важная рэабілітацыя, каб пасля працяглага лячэння хутчэй вярнуцца да нармальнага жыцця. Перададзены сёння ў рэабілітацыйнае аддзяленне бальніцы рабатызаваны кінезітрэнажор будзем выкарыстоўваць менавіта для такіх цяжкіх хворых". Ад імя супрацоўнікаў і пацыентаў БХМД Андрэй Барысаў уручыў старшыні БСЖ Мар'яне Шчоткінай букет кветак у знак удзячнасці грамадскаму жаночаму аб'яднанню за падораны трэнажор, які значна пашырае магчымасці медыкаў па рэабілітацыі пацыентаў.

Рэальным укладам ва ўмацаванне здароўя насельніцтва назваў акцыю БСЖ намеснік старшыні Мінгарвыканкама Юрый Юркевіч. "Гэты прыклад дастойны пераймання", - лічыць ён.

Пасля цырымоніі яе ўдзельнікам, прадстаўнікам СМІ прадэманстравалі кінезітрэнажор на практыцы - яго магчымасці паспрабаваў на сабе першы пацыент, які пасля сеанса ахвотна падзяліўся сваімі ўражаннямі: "Усё добра, ніякіх болевых адчуванняў, спадзяюся на пазітыўны рэзультат".

Аўтар праекта TRINITI Уладзіслаў Лукашэвіч - супрацоўнік кафедры рэфлексалогіі БелМАПА - у размове з карэспандэнтам БЕЛТА расказаў аб сваім дзецішчы, у адрас якога прагучала ўжо столькі захопленых водгукаў. "Усёй камандай напружана працавалі над стварэннем простага, даступнага і ў той жа час шматфункцыянальнага эфектыўнага трэнажора. Вынікам шматгадовай працы стаў рабатызаваны апарат, які даў старт новаму напрамку ў рэабілітацыі пацыентаў з сур'ёзнымі рухальнымі парушэннямі. Адаптыўная кінезітэрапія - наша гордасць, новае слова ў тэхналогіі рэабілітацыі, - адзначыў Уладзіслаў Лукашэвіч. - TRINITI вытворчасці "Кінідэкс" дае магчымасць выбіраць аптымальны рэжым для канкрэтнага пацыента (усяго такіх трэніровачных рэжымаў больш за 20). Ён кіруецца як аўтаматычна, так і спецыяльна падрыхтаваным медработнікам (з дапамогай планшэта). У залежнасці ад цяжкасці стану пацыента сеанс прадаўжаецца ад 2 да 20 мінут. TRINITI сумяшчае ў сабе функцыі некалькіх спецыялізаваных трэнажораў. У перспектыве (пасля пэўнай дапрацоўкі) яго можна будзе выкарыстоўваць і для рэабілітацыі дзяцей".

Такія трэнажоры, а ўсяго іх на гэты момант выпушчана каля 10, ужо ўстаноўлены ў 2-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, установах аховы здароўя Масквы і Астаны. "Займаемся таксама навучаннем урачоў адаптыўнай кінезітэрапіі. Курс разлічаны на месяц, цяпер ідзе аптымізацыя праграмы навучання пад двухтыднёвы курс", - дадаў Уладзіслаў Лукашэвіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі