Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 жніўня 2017, 15:22

Дзесяць супраць пяці: меркаванні вучняў пра шкалу ацэнкі ведаў

Прапанова аб магчымым пераходзе ў Беларусі з дзесяцібальнай на пяцібальную шкалу ацэнкі ведаў выклікала вялікі грамадскі рэзананс. Разгарнулася бурная дыскусія - ініцыятыва аб вяртанні да ранейшай ацэначнай сістэмы кранула за жывое ўсіх ад малога да вялікага. Сярод іншых актуальных пытанняў гэта прапанова будзе абмяркоўвацца на Рэспубліканскім педагагічным савеце 23-24 жніўня ў Мінску. Напярэдадні гэтага важнейшага форуму карэспандэнты БЕЛТА прадаставілі магчымасць выказацца тым, каго шкала ацэнак закранае непасрэдна: навучэнцам школ, гімназій, ліцэяў рэспублікі.

Яна Нікіфарава, уладальніца дыплома I ступені рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, вучаніца 10-га класа гімназіі нумар 1 імя Ф. Скарыны Мінска:

- Мне бліжэйшая дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў, паколькі яна больш гібкая, дае вучню магчымасць ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Асабіста мяне ацэнка 8 не задаволіць, 9 - значна лепш, а 10 - ідэальна. Па пяцібальнай сістэме і 8, і 9, і 10 прыраўноўваюцца да пяцёркі, што, як мне здаецца, не зусім справядліва. Дзесяцібальная шкала дае магчымасць ацэньваць узровень ведаў больш аб'ектыўна. Цяперашняя сістэма мяне цалкам задавольвае. А вось мае сваякі, дарэчы, часта па інерцыі пераводзяць ацэнкі ў пяцібальную сістэму.

Марыя Барабашова, пераможца рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, вучаніца 10-га класа гімназіі нумар 2 Віцебска:

- Па-мойму, няма асаблівай неабходнасці што-небудзь змяняць у шкале ацэнак. Для мяне і для ўсіх тых, каму знаёма дзесяцібальная сістэма, яе крытэрыі зразумелыя і адэкватныя. Дарэчы, мая маці - настаўніца рускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі - лічыць, што дзесяцібальная сістэма прадастаўляе больш шырокі спектр пазіцый для ацэнкі ведаў і ўменняў навучэнцаў. Для сучасных бацькоў дзесяцібальная сістэма ўжо больш зразумелая, чым пяцібальная.

Галоўнае, каб ацэнка рэальна адлюстроўвала ўзровень ведаў і каб настаўнікі кіраваліся аб'ектыўнымі крытэрыямі пры выстаўленні адзнакі.

Юлія Алейнікава, неаднаразовы прызёр рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, вучаніца 11-га класа Магілёўскага дзяржаўнага ліцэя нумар 3:

- На мой погляд, спяшацца змяняць дзеючую сістэму ацэнкі якасці ведаў не трэба, тым больш у пачатку новага навучальнага года. Гэта негатыўна паўплывае на навучальны працэс, паколькі да ўжо дзеючых правіл прывыклі педагогі і дзеці, перабудавацца на хаду будзе няпроста. У пяцібальнай сістэме ёсць свае перавагі, але мне ўсё ж імпануе дзесяцібальная, паколькі яна дае магчымасць больш дакладна і аб'ектыўна ацаніць веды па вучэбных прадметах.

Герман Малыхін, пераможца рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, вучань 10-га класа гімназіі нумар 7 Віцебска:

- Пяцібальная сістэма вельмі катэгарычная. Разумееце, у атэстат пойдуць толькі чыстыя ацэнкі, а мінусы і плюсы да ацэнак застануцца ў дзённіках "для асабістага карыстання" вучняў і бацькоў. Адпаведна, сама ацэнка ўжо не будзе адлюстроўваць сапраўдны ўзровень ведаў. Дзесяцібальная сістэма больш гібкая. І яна па азначэнні ў два разы дакладней дае магчымасць ацэньваць веды вучня, яго работу на ўроку. Атрымаць 10 балаў не міф, гэта рэальна. У нас у школе настаўнікі даволі часта па максімуму ацэньваюць веды лепшых вучняў.

Ганна Шутко, вучаніца 11-га класа Брэсцкага абласнога ліцэя імя П. М. Машэрава:

- Я не вучылася ў той час, калі была пяцібальная сістэма. Але мне здаецца, што яна лепшая, паколькі ў ёй было менш суб'ектывізму. Яна больш канкрэтная, простая і дзейсная, а дзесяцібальная - больш размытая і заблытаная.

Мне здаецца, што трэба вярнуцца да пяцібальнай шкалы: калі ставяць 5 - выдатна, калі 2 - не гатовы. Калі ж настаўнікі сумняюцца, што паставіць вучню - васьмёрку, дзявятку або падцягнуць на дзясятку, то крытэрыі гэтага выбару не зусім зразумелыя.

Кацярына Беняш, дыпламант міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу па англійскай мове "Алімпіс-2017", вучаніца 11-га класа СШ нумар 40 Гродна:

- Дзесяцібальная сістэма, як і пяцібальная, мае свае перавагі і недахопы. З плюсаў, напрыклад, можна назваць магчымасць для настаўніка больш гібка ацэньваць веды вучня. У тую ж пяцёрку па пяцібальнай сістэме могуць уваходзіць сённяшнія васьмёрка, дзявятка, дзясятка. Згадзіцеся, гэта ўсё ж розны ўзровень. Што такое дзесяць? Гэта выдатныя веды, творчы, нестандартны падыход да рашэння задачы, выканання таго ці іншага задання.

Зрэшты, асабіста для мяне прынцыповай розніцы паміж ацэнкамі 9 і 10 няма. Больш важна адчуваць, што ты добра падрыхтавалася, ведаеш прадмет.

І яшчэ. Суб'ектывізм з боку настаўніка магчымы пры любой шкале. Але я не сутыкалася з сітуацыяй, калі б ставілі наўмысна заніжаную ацэнку.

Упэўнена, што пераход на пяцібальную сістэму, калі ён адбудзецца, вучням нязручнасцей не прынясе. Больш складана будзе настаўнікам: паколькі нанава давядзецца выпрацоўваць крытэрыі ацэнак і асвойваць іх.

Аліна Лагунова, уладальнік дыплома I ступені рэспубліканскай алімпіяды па французскай мове, вучаніца 11-га класа гімназіі нумар 46 Гомеля імя Блеза Паскаля:

- Лічу, што дзесяцібальная сістэма лепшая за пяцібальную. На асабістым вопыце паспрабавала розныя сістэмы ацэнак - ад зорачак да 20 балаў - на стажыроўцы ў французскім Клермон-Феранэ. І, на маю думку, аптымальны спосаб ацэнкі ведаў вучняў - гэта 10-бальная сістэма. Яна дапамагае лепш зразумець узровень падрыхтоўкі навучэнцаў. З іншага боку, дае ім магчымасць раскрыцца і прадэманстраваць свае здольнасці. У таго, хто імкнецца да дзясяткі, ёсць стымул, каб атрымаць ведаў значна больш, чым у школьным падручніку.

Ганна Аляксандрава, прызёр рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па англійскай мове, вучаніца 11-га класа Магілёўскага дзяржаўнага ліцэя нумар 3:

- Мне імпануе дзесяцібальная сістэма. І не толькі таму, што і мы, і педагогі да яе прывыклі. Па-першае, яна больш зручная ў прымяненні і дае выкладчыку больш магчымасцей для аб'ектыўнай ацэнкі. Па-другое, яна важна для абітурыентаў пры паступленні ў вышэйшую навучальную ўстанову, дае магчымасць правесці дакладную дыферэнцыяцыю, паколькі часам ролю адыгрывае і адна дзясятая бала. Па-трэцяе, калі змяненне сістэмы ацэнкі не ўплывае на якасць адукацыі, дык навошта яе змяняць?

Магчыма, існуючую шкалу трэба ўдасканаліць, вызначыўшы больш дакладна крытэрыі выстаўленых балаў.

Аляксандра Лабанава, уладальніца дыплома I ступені рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, выпускніца гімназіі Светлагорска, навучэнка ліцэя БДУ:

- Мне здаецца, дзесяцібальная сістэма больш справядлівая - у ёй дакладныя і зразумелыя крытэрыі ацэнкі. Пры пяцібальнай сістэме, асвоіўшы прадмет па-рознаму, вучні атрымлівалі пяцёрку (прычым яна магла быць з мінусам або плюсам). У дзесяцібальнай шкале ўлічваюцца многія нюансы, атрымаць вышэйшы бал больш складана, а гэта добры матыватар.

Антон Засімук, пераможца міжнароднай алімпіяды па геаграфіі, вучань 11-га класа гімназіі нумар 1 Брэста:

- Дзесяцібальная сістэма павялічвае каштоўнасць атэстата пры паступленні ў ВНУ. Згадзіцеся, залатыя медалісты ж могуць быць як з сярэднім балам 9,1, так і 9,9. Адпаведна, узмацняецца канкурэнцыя паміж вучнямі. Пры пяцібальнай сістэме ўсе былі б з сярэднім балам 5,0.

З іншага боку, пяцібальная сістэма аблягчае выстаўленне ацэнкі для настаўніка, дае канкрэтнае паняцце ацэнкі, а не такое размытае, як пры дзесяцібальнай шкале. Складана зразумець гэту тонкую грань паміж шасцёркай і сямёркай, а пры пяцібальнай сістэме ёсць дакладнае адрозненне тройкі і чацвёркі.

Яўгенія Жук, вучаніца 11-га класа Брэсцкага абласнога ліцэя імя П. М. Машэрава:

- Мы прывыклі ўжо да дзесяцібальнай сістэмы. Яна прадастаўляе настаўніку шырокія магчымасці для ацэнкі ведаў вучняў. А пяцібальная сістэма для нас штосьці новае, незвычайнае. Мне было б складана, калі б яе ўвялі ў выпускным класе.

У той жа час для маёй маці-настаўніцы больш зручная пяцібальная шкала - яна больш дакладная пры выстаўленні ацэнак: не ўзнікае пытання, што паставіць вучню. А ў дзесяцібальнай сістэме адзін вучань можа атрымаць 10, а другі за такі ж адказ - 9. Гэта не вельмі справядліва.

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі