Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 студзеня 2021, 16:51

Дзермант: у 2021 годзе ў Беларусі пачнецца кансалідацыя грамадства

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, палітычны аналітык Аляксей Дзермант у час відэаінтэрв'ю "Вектары палітычнага развіцця Беларусі ў 2021 годзе" на YouTube-канале Белпрэсцэнтра выказаў упэўненасць, што ў 2021 годзе ў Беларусі пачнецца кансалідацыя грамадства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Палітычны аналітык вылучыў дзве ключавыя падзеі 2020 года. Першая з іх - эпідэмія каранавіруса. "Па меры таго, як яна разгортвалася, мы бачылі, наколькі яна аказвала ўплыў на стан грамадства. Спачатку некаторы спалох, неразуменне, з чым мы маем справу. Беларусь выбрала свой шлях у барацьбе з пандэміяй, які, як мы цяпер бачым, аказаўся даволі празорлівым і паспяховым. Але тым не менш частка грамадзян была разгублена з-за таго, што вакол бушавалі інфармацыйныя хвалі. Цяпер, калі прыйшла другая хваля, насельніцтва ўспрымае яе ўжо інакш, і сістэма аховы здароўя ўжо навучылася спраўляцца, разумеючы, з чым мы маем справу", - сказаў Аляксей Дзермант.

Паводле яго слоў, пандэмія паўплывала і на пэўныя палітычныя настроі, супаўшы з прэзідэнцкай кампаніяй, якая стала другой асноўнай падзеяй мінулага года. "Частка грамадзян уключылася ў пратэсную актыўнасць. Многія з іх з-за таго псіхозу, у якім яны знаходзіліся з вясны 2020 года. Плюс наслаілася даволі масіраваная паліттэхналагічная атака на нас. Я лічу, што гэтыя выбары былі беспрэцэдэнтныя ў тым плане, што вельмі сур'ёзны паліттэхналагічны праект быў разгорнуты. Мы з такім не сутыкаліся па многіх параметрах. Там было дакладнае планаванне ў палітычнай і інфармацыйнай сферах, - адзначыў аналітык. - Так ці інакш, усё гэта будзе ўплываць на падзеі 2021 года. Але ўжо напэўна не ў такой вострай форме. Мы бачым, што і з эпідэміяй людзі вучацца жыць. І многія грамадзяне, якія з самага пачатку рэзка былі настроены ў жніўні-верасні, цяпер пачынаюць ужо спакойна разважаць і разумеюць, што тымі дзеяннямі, якімі яны спрабавалі нечага дабіцца, змяніць у любой краіне нічога немагчыма. Таму, што гэта можна зрабіць толькі законнымі метадамі".

Аляксей Дзермант дадаў: "Думаю, што 2021-ы, аб'яўлены Годам народнага адзінства, так ці інакш, будзе ўжо іншы па настроі. Упэўнены, што кансалідацыя грамадства начнецца, і мы адчуем сябе адзіным грамадствам, а не расколатым. Думаю, усе разумеюць, што нас гэта зробіць мацнейшымі. А ў сучасным свеце лепш быць у стане агульнага кансэнсусу, чым раздраю".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі