Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 чэрвеня 2017, 15:46

"Дзень вышыванкі" пройдзе ў Мінску 2 ліпеня

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акцыя "Дзень вышыванкі" пройдзе ў Мінску 2 ліпеня. Аб гэтым паведаміў сёння першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Андрэй Белякоў на прэс-канферэнцыі "Адкрыты дыялог "Беларусь - крыніца натхнення" ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Напярэдадні Дня Незалежнасці, 2 ліпеня, у Мінску адбудзецца "Дзень вышыванкі", - сказаў Андрэй Белякоў. Мерапрыемства пройдзе на пляцоўцы каля Палаца спорту з 12.00 да 22.00.

Свята пачнецца з выставак і майстар-класаў, прэзентацыі сувенірнай прадукцыі, народных промыслаў, будуць прадстаўлены стравы беларускай кухні. У 13.30 пачынаецца флэшмоб "Усе ў вышыванках" і арт-парад "Пад сцягам з вышыванкай". У 14.00 адбудзецца адкрыццё "Дня вышыванкі" з удзелам ганаровых гасцей. Пасля гэтага госці свята ўбачаць дэфіле мадэлей, канцэртную праграму ад кожнага з рэгіёнаў Беларусі, інтэрактыўную экспазіцыю "Родны кут". У час акцыі таксама пройдзе флэшмоб Пацалунак у вышыванцы", квест "Мая Беларусь", фотамайстэрня "Натхненне". Будзе працаваць спартыўная пляцоўка: спаборніцтвы, стрытбол, футбол, варкаўт, настольныя спартыўныя гульні, майстар-класы, аўтограф-сесія з удзелам знакамітых спартсменаў. Вечарам адбудзецца дыскатэка "Вышыванка.by".

У час акцыі "Дзень вышыванкі" плануецца афіцыйнае ўзнагароджанне пераможцаў, якія занялі прызавыя месцы і атрымалі Гран-пры ў намінацыях фотаконкурсу БРСМ "Сэлфі&фота з вышыванкай".

Першы сакратар ЦК БРСМ адзначыў, што "Дзень вышыванкі" пройдзе другі раз. "Нам вельмі хацелася б, каб гэта мерапрыемства стала добрай традыцыяй. Упершыню гэта свята прайшло пад эгідай БРСМ сумесна з Мінгарвыканкамам і Міністэрствам культуры ў мінулым годзе", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі