Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 мая 2018, 18:28

Дзейнасць СК Арменіі, Беларусі, Расіі накіравана на барацьбу з міжнароднай злачыннасцю - Наскевіч

17 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Сумесная дзейнасць следчых камітэтаў Арменіі, Беларусі, Расіі накіравана на барацьбу з транснацыянальнай злачыннасцю. Аб гэтым заявіў сёння журналістам старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч па выніках трэцяга сумеснага пасяджэння калегій следчых камітэтаў Арменіі, Беларусі і Расіі, якое прайшло ў Гомелі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Іван Наскевіч адзначыў, што правядзенне сумесных пасяджэнняў калегій следчых камітэтаў трох краін - традыцыйная форма супрацоўніцтва. "Мы з задавальненнем адзначаем, што ў эпоху глабалізацыі і розных раз'яднальных працэсаў следчыя камітэты нашых дружалюбных краін знаходзяць магчымасці для аб'яднальных працэсаў. Наша сіла менавіта ў адзінстве, у тым, што мы выступаем адзіным кулаком у барацьбе са злачыннасцю, у першую чаргу, з транснацыянальнай, міжнароднай злачыннасцю", - сказаў Іван Наскевіч.

Ён таксама падкрэсліў, што кожнае такое мерапрыемства напаўняецца канкрэтным практычным сэнсам, вырашаюцца надзённыя праблемы. Так, пасля першага пасяджэння калегій у Санкт-Пецярбургу заключана пагадненне аб стварэнні сумесных аператыўна-следчых груп на тэрыторыі дзяржаў - членаў СНД. Пасля другога такога мерапрыемства, якое адбылося ў Ерэване, было ўмацавана супрацоўніцтва ў рамках Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах 1993 года.

Вынікам узаемадзеяння з'яўляюцца і паспяхова расследаваныя крымінальныя справы па шэрагу злачынстваў. Так, Іван Наскевіч назваў крымінальную справу ў дачыненні да мужчыны, які на працягу 18 гадоў учыняў гвалтоўныя дзеянні ў Расіі і Беларусі. Пасля сумесна праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і паспяховага завяршэння расследавання злачынец быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці на тэрыторыі Беларусі. Таксама дзякуючы сумеснай рабоце былі раскрыты транснацыянальныя злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. Групоўка з грамадзян Расіі, Беларусі, Украіны некалькі гадоў займалася гандлем псіхатропамі. Зладжаныя прафесійныя дзеянні дапамаглі выкрыць злачынцаў.

Важнасць міжнароднага ўзаемадзеяння падкрэсліў і старшыня Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін. Ён адзначыў, што супрацоўніцтва СК трох краін наладжана на высокім узроўні, а падпісаныя пагадненні ў тым ліку ў навуковай, адукацыйнай сферах павялічваюць агульны тонус сумеснай працы.

Старшыня Следчага камітэта Арменіі Агван Аўсяпян акцэнтаваў увагу на тым, што ўзаемадзеянне ведамстваў трох краін у цэлым дапамагае прывесці ў адпаведнасць працэсуальныя нормы, паскорыць расследаванне крымінальных спраў, удасканаліць працэс барацьбы са злачыннасцю, тым самым стварыць умовы для захавання правоў чалавека.

На пасяджэнні калегій абмеркавалі аптымізацыю крымінальнага працэсу і работы следчых органаў, практыку непасрэднага ўзаемадзеяння тэрытарыяльных следчых падраздзяленняў Расіі і Беларусі ў рамках Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 22 студзеня 1993 года з улікам унесеных у заканадаўства змяненняў. Таксама на сустрэчы размова ішла пра важнасць такой практыкі, як правядзенне допыту ўдзельнікаў крымінальнага працэсу па відэа-канферэнц-сувязі, укараненне электронных крымінальных спраў.

Па выніках пасяджэння падпісаны шэраг дакументаў. Паміж СК Беларусі і Расіі падпісана Праграма супрацоўніцтва ў галіне крыміналістычнага забеспячэння папярэдняга расследавання на 2018-2021 гады, паміж Арменіяй і Расіяй - Праграма супрацоўніцтва ў навукова-адукацыйнай сферы на 2018-2019 гады. Таксама тры бакі падпісалі сумесную заяву аб неабходнасці ўдасканалення дзейнасці органаў папярэдняга расследавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі