Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 жніўня 2019, 13:05

Доля рэспубліканскага бюджэту ў падрыхтоўцы і правядзенні перапісу скарацілася да 35 працэнтаў - Белстат

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Актыўнае прыцягненне спонсарскай і міжнароднай дапамогі для падрыхтоўкі і правядзення перапісу насельніцтва Беларусі ў 2019 годзе дало магчымасць скараціць долю ўдзелу рэспубліканскага бюджэту прыкладна да 35 працэнтаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

"Доля рэспубліканскага бюджэту на падрыхтоўку і правядзенне перапісу насельніцтва ў 2009 годзе складала 95 працэнтаў, а ў 2019 годзе - каля 35 працэнтаў. Гэта стала магчымым дзякуючы актыўнаму прыцягненню спонсарскіх сродкаў і міжнароднай тэхнічнай дапамогі, а таксама за кошт аўтаматызацыі працэсу збору і апрацоўкі даных, укаранення інфармацыйных тэхналогій", - адзначылі ў Белстаце.

Так, значную дапамогу аказаў Парк высокіх тэхналогій: каля 5 тыс. планшэтаў, якія ён выдзеліў Міністэрству адукацыі Беларусі, спачатку будуць задзейнічаны ў правядзенні перапісу, а затым перададзены па прызначэнні. Сярод спонсараў таксама аказаліся Беларуская калійная кампанія (канечнае мэтавае прызначэнне планшэтаў - установы аховы здароўя), МТЗ, "Галантэя", "Белфармацыя", "Еўрагандаль", арганізацыі, падпарадкаваныя Белстату. Усяго плануецца задзейнічаць прыкладна 12,8 тыс. планшэтаў (з улікам рэзерву). Паводле слоў спецыялістаў, такая падтрымка дасць магчымасць скараціць час апытання рэспандэнта прыкладна ў тры разы (з 15 хвілін да 5).

У пачатку года Белстат пачаў рэалізацыю праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва 2019 года ў Беларусі. Гэта гранд Сусветнага банка з агульным аб'ёмам $1,9 млн. Сёння па праекце ўжо атрымана метадалагічная дапамога па правядзенні постперапіснога абследавання і ацэнцы якасці перапісу, распрацоўцы праграмнага забеспячэння для правядзення інтэрнэт-апытання. Закуплены планшэты і апаратныя праграмныя комплексы. Таксама аплачаны паслугі тэхнічнага характару для правядзення інтэрнэт-перапісу. Распрацаваны дызайн рэкламнай прадукцыі, падрыхтаваны навучальныя і рэкламныя ролікі, адбыліся навучальныя семінары для прыцягнутых асоб.

Сярод будучых планаў па праекце - правядзенне інфармацыйнай кампаніі па прыцягненні насельніцтва да ўдзелу ў перапісе. "Давядзецца атрымаць метадалагічную падтрымку па апрацоўцы даных перапісу, пабудове выхадных рэгламентных табліц па малых тэрыторыях, правядзенні дэмаграфічнага аналізу даных. Забяспечыць доступ да вынікаў перапісу насельніцтва, якія не з'яўляюцца канфідэнцыяльнымі. Гэта частка ўключае ў сябе мадыфікацыю базы даных перапісу, распрацоўку і ўкараненне геастатыстычнага партала перапісу на аснове ГІС-тэхналогій", - дадалі ў Белстаце.

Аб канкрэтных сумах атрыманай эканоміі для рэспубліканскага бюджэту Белстат пакуль не гаворыць. Але размова ідзе аб мільёнах беларускіх рублёў. І ў тым ліку - аб зніжэнні нагрузкі на перапісчыкаў дзякуючы магчымасці запаўнення апытальнага ліста анлайн і адыходу ад папяровых носьбітаў.

Перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь пройдзе 4-30 кастрычніка 2019 года, папярэдні праводзіўся 10 гадоў таму. Адрозненнем цяперашняга стане магчымасць грамадзянам самастойна і ў зручны час запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт. Таксама перапісацца можна будзе на стацыянарных участках. Яшчэ адзін спосаб - у сябе дома ў час вуснага апытання перапісчыка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі