Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 сакавіка 2018, 17:48

Для зняцця праблемных пытанняў часам дастаткова дакладна растлумачыць людзям сітуацыю - Рыжанкоў

15 сакавіка, Навагрудак /Кар. БЕЛТА/. Для зняцця праблемных пытанняў часам дастаткова дакладна растлумачыць людзям сітуацыю. Такое меркаванне сёння па выніках выязнога прыёму грамадзян выказаў журналістам першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Максім Рыжанкоў правёў прыём грамадзян у Навагрудку. На сустрэчу з ім запісаліся жыхары не толькі Навагрудскага раёна, але і іншых раёнаў Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей.

"Той факт, што за вырашэннем сваіх праблем у Навагрудак прыехалі людзі з-пад Мінска, Баранавіч, Слоніма, сведчыць аб недапрацоўцы органаў улады на месцах. За кожным пытаннем стаіць лёс канкрэтнага чалавека, яго чаканні. Давер да ўлады фарміруецца менавіта такім чынам", - адзначыў Максім Рыжанкоў. Ён падкрэсліў, што часам для таго, каб зняць праблемнае пытанне, дастаткова з людзьмі проста пагаварыць і дакладна тлумачыць сітуацыю.

Жыхары вёсак Клімавічы і Пашкавічы ў Мінскім раёне звярнуліся па некалькіх пытаннях. Населеныя пункты фактычна мяжуюць са сталіцай, аднак няма нармальных дарог, асвятлення, не заходзіць у вёскі грамадскі транспарт, няма прыпынкаў. Нямала там і маладых сем'яў з дзецьмі, якія вымушаны па бездарожжы дабірацца да школ і дзіцячых садоў. Ёсць праблемы з мастамі ў населеных пунктах: паводле слоў людзей, яны знаходзяцца ў нездавальняючым стане, аднак балансатрымальнік не ўстаноўлены.

"Такі непарадак за пару кіламетраў ад кальцавой недапушчальны. Дзіўна, што на месцах не бачаць гэтай праблемы", - адзначыў Максім Рыжанкоў. Ён падкрэсліў, што асабіста разгледзіць пытанне з выездам на месца з прадстаўнікамі адпаведных службаў і арганізацый.

"Важна, што пытанне будзе разгледжана менавіта такім чынам, не ў кабінеце, а з выездам на месца", - сказаў Сяргей Дзеравяга, які прадстаўляў інтарэсы жыхароў вёсак. Ён падкрэсліў, што прыёмы, размова з уладай прыносяць вынік. Напрыклад, па просьбе жыхароў раней быў вылучаны ўчастак для стварэння ў вёсцы дзіцячай гульнявой пляцоўкі.

На асабісты кантроль узята і праблемная сітуацыя жыхаркі адной з вёсак у Навагрудскім раёне. У яе дом урэзаўся трактар мясцовага СВК. Сумы, выплачанай па страхоўцы, на рамонт дома не хапае. Кіраўніцтва СВК сцвярджае, што ўсё зроблена па законе.

"Ёсць жа і маральная адказнасць, пытанне прэстыжу кіраўніка. Калі нельга аказаць дапамогу фінансава, то заўсёды можна знайсці магчымасць, напрыклад, дапамагчы рабочымі рукамі з рамонтам", - падкрэсліў Максім Рыжанкоў.

Жыхары Слоніма звярнуліся наконт актуальных сёння пытанняў аб змяненнях у закон "Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках". Максім Рыжанкоў адзначыў, што праблемы шмат у чым узніклі з-за таго, што не былі загадзя створаны механізмы і інструменты рэалізацыі дакумента. Сітуацыя знаходзіцца на кантролі, ёсць рашэнні, якія даюць магчымасць наладзіць работу прыватных возчыкаў. Прапановы бізнесменаў са Слоніма, якія датычацца змяненняў, таксама будуць разгледжаны.

На кантроль узята пытанне жыхара Навагрудскага раёна, які звярнуўся наконт парушэнняў пры рэгістрацыі зямельнага ўчастка ў Карэліцкім раёне. Усе звароты, якія паступілі на прыём, датычацца розных аспектаў - ад асабістых узаемаадносін, юрыдычных нюансаў да пытанняў функцыянавання сістэмы ЖКГ, афармлення нерухомай маёмасці, будуць уважліва вывучаны.

Максім Рыжанкоў адзначыў станоўчую тэндэнцыю ў тым, што ўсё больш зваротаў ад грамадзян паступае не па асабіста іх хвалюючых праблемах, а па больш агульных пытаннях. "І сёння мы бачылі, што людзі заклапочаны тэмамі развіцця грамадства, дзяржавы, яны сугучныя тым задачам, што стаяць перад мясцовымі органамі ўлады, міністэрствамі, ведамствамі. Такія пытанні - працаўладкавання, падаткаабкладання, сацыяльных стандартаў - хвалююць кожнага жыхара краіны. І яны будуць разглядацца на самым высокім узроўні", - рэзюмаваў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі