Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 кастрычніка 2015, 14:09

Дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект па абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю

16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дэпутаты сёння прынялі ў першым чытанні законапраект "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як растлумачыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, папраўкі ў некаторыя законы носяць міжгаліновы характар і прызначаны для комплекснага прававога рэгулявання адносін, звязаных з абаронай дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю.

Дакумент прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у некалькі законаў Беларусі, сярод якіх "Аб правах дзіцяці". Што датычыцца гэтага закона, папраўкі замацоўваюць права дзіцяці на абарону ад інфармацыі, што наносіць шкоду яго здароўю і развіццю. Акрамя таго, вызначаюцца звесткі, якія могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе, фізічнае і маральнае развіццё дзіцяці. Прапісаны ўмовы і парадак паведамлення аб змесце інфармацыйнай прадукцыі, магчымасці нанясення ёю шкоды здароўю і развіццю дзіцяці шляхам прысваення інфармацыйнай прадукцыі адпаведнага знака ўзроставай катэгорыі. У гэтым выпадку, паводле слоў Міхаіла Жураўкова, маюцца на ўвазе ўзроставыя катэгорыі "0+" (што азначае без абмежаванняў), "6+" (для асоб, якія дасягнулі шасці гадоў), а таксама катэгорыі "12+", "16+" і "18+".

"Папраўкі замацоўваюць абавязак юрыдычных асоб, ІП, якія ажыццяўляюць дзейнасць па вытворчасці і (або) распаўсюджванні інфармацыйнай прадукцыі, прысвойваць такой прадукцыі знак узроставай катэгорыі", - праінфармаваў міністр.

Акрамя таго, ускладаецца абавязак прымяняць праграмна-апаратныя сродкі фільтрацыі, якія даюць магчымасць не дапусціць распаўсюджвання сярод дзяцей шкоднай інфармацыі, адміністрацыйныя і арганізацыйныя меры адносна камп'ютарных клубаў, інтэрнэт-кафэ, іншых месц, у якіх забяспечваецца калектыўны доступ карыстальнікаў да інтэрнэту, у тым ліку ўстаноў адукацыі.

"Для каардынацыі дзейнасці для абароны ад такой інфармацыі праектам закона прадугледжваецца стварэнне пры ўрадзе грамадска-кансультатыўнага савета па абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю", - расказаў Міхаіл Жураўкоў.

Яшчэ адзін закон, у які ўносяцца карэкціроўкі, - "Аб рэкламе". У прыватнасці, прапануецца замацаваць патрабаванні аб пазначэнні ў рэкламе культурна-відовішчнага мерапрыемства ўзроставай катэгорыі, на якую разлічана мерапрыемства.

Папраўкі, якія ўносяцца ў закон "Аб сродках масавай інфармацыі", замацоўваюць патрабаванне аб абавязковасці распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі СМІ з прысвоеным знакам узроставай катэгорыі. "Абавязак па прысваенні знака ўзроставай катэгорыі ўскладаецца на рэдакцыю сродку масавай інфармацыі", - растлумачыў міністр. Вызначаны віды інфармацыйнай прадукцыі СМІ, распаўсюджванне якіх дапускаецца без прысваення знака ўзроставай катэгорыі.

Першыя і апошнія палосы газет і вокладка часопіса або іншага друкаванага сродку масавай інфармацыі не павінны змяшчаць інфармацыю, што адносіцца да ўзроставай катэгорыі "18+".

Адносна прадукцыі СМІ, што распаўсюджваецца з дапамогай тэлерадыёвяшчання, замацоўваюцца патрабаванні аб выкананні так званых часавых рамак. Гэта значыць замацоўваюцца абмежаванні перыяду сутак, на працягу якога дапускаецца распаўсюджванне інфармацыі, што наносіць шкоду здароўю і развіццю дзіцяці, растлумачыў Міхаіл Жураўкоў.

Унесці карэкціроўкі прапануецца ў законы аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі, а таксама аб выдавецкай справе.

Пры гэтым, паводле слоў міністра адукацыі, патрабуецца прыняцце акта ўрада, які "ўстанаўлівае парадак і крытэрыі прысваення знака ўзроставай катэгорыі". Напрыклад, у такім нарматыўна-прававым акце прадугледжваецца раскрыць змест узроставых катэгорый і парадак аднясення інфармацыйнай прадукцыі да пэўнай узроставай катэгорыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі