Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 снежня 2017, 17:46

Дэпутат прапануе мадэрнізаваць падыходы да фінансавання навуковых даследаванняў у Беларусі

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падыходы да фінансавання навуковых даследаванняў і ацэнкі іх вынікаў у Беларусі неабходна мадэрнізаваць з улікам сусветнай практыкі. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Валерый Барадзеня.

Гаворачы пра II З'езд вучоных, які адбыўся напярэдадні ў Мінску, Валерый Барадзеня адзначыў, што на форуме прагучала жорсткая, але справядлівая крытыка. Беларускія вучоныя пакуль недастаткова актыўна асвойваюць сродкі інавацыйных фондаў. У сувязі з гэтым парламентарый прапанаваў узяць за аснову вопыт вядучых сусветных кампаній. "Яны выкарыстоўваюць праектную схему, калі ставяцца невялікія, вузкія задачы, для яе вырашэння збіраюць калектыў вучоных. Часцей за ўсё вынікам такой работы становяцца патэнты, вынаходствы, новая прадукцыя", - растлумачыў парламентарый.

У той жа час ён звярнуў увагу, што навуковыя даследаванні заўсёды звязаны з рызыкай не дасягнуць жаданага. Валерый Барадзеня адзначыў, што ў некаторых замежных краінах прысвойваюцца вучоныя ступені і званні за адмоўны рэзультат. Ён лічыць, што ў Беларусі таксама можна было б заахвочваць вучоных, якія, патраціўшы нямала часу і сіл на тыя ці іншыя даследаванні, прыйшлі да высновы, што неабходна змяняць іх напрамак. "Гэта таксама дасягненне, і сур'ёзнае", - перакананы Валерый Барадзеня. Ён дадаў, што навука не развіваецца скачкамі, гэта паступовы працэс, сваю значнасць на гэтым шляху маюць і такія навуковыя працы, якія не прынеслі чаканага выніку.

У час з'езда вучоных, на думку парламентарыя, адбылася канструктыўная размова, якая датычылася ўсіх напрамкаў развіцця сучаснай беларускай навукі. Ён стаў своеасаблівым узварушэннем для навуковай супольнасці і даў магчымасць намеціць найбольш актуальныя задачы, якія трэба будзе вырашаць у бліжэйшы час.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі