Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 красавіка 2017, 17:53

Дэпазіты на сямейны капітал адкрыты ў Беларусі амаль на $350 млн

17 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі на 1 красавіка бягучага года адкрыта крыху менш як 35 тыс. дэпазітных рахункаў на сямейны капітал у ААТ "ААБ Беларусбанк" на агульную суму амаль $350 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Гэты від доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем'яў быў уведзены з 1 студзеня 2015 года. Сямейны капітал - аднаразовае прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў у памеры $10 тыс. пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей. У 2015 годзе было адкрыта 11 582 дэпазітныя рахункі, у 2016 годзе - 18 983, у студзені-сакавіку бягучага года - 4 372 дэпазіты.

Паводле слоў спецыялістаў, заявы аб назначэнні сямейнага капіталу, якія паступаюць у мясцовыя органы ўлады, разглядаюцца на працягу аднаго месяца.

Як раней паведамлялася БЕЛТА, праграма падтрымкі шматдзетных сем'яў разлічана на пяць гадоў - з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019-га. Грашовыя сродкі ў памеры $10 тыс. прадастаўляюцца сем'ям для выкарыстання ў Беларусі ў поўным аб'ёме або па частках у безнаяўным парадку - па адным або некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў; атрыманне адукацыі; атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя; фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям'і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям'і. Права на назначэнне сямейнага капіталу маюць грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы: маці (мачаха) у поўнай сям'і, адзін з бацькоў у няпоўнай сям'і, усынавіцель (удачарыцель) пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года, калі з улікам народжанага, усыноўленага (удачаронага) дзіцяці (дзяцей) у сям'і выхоўваюцца не менш як трое дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Пры гэтым дата нараджэння дзіцяці павінна быць не ранейшая за 1 студзеня 2015 года (снежаньскія нараджэнні ў гэту праграму не трапляюць). Калі ў поўнай сям'і маці (мачаха) не мае права на назначэнне сямейнага капіталу, то такое права прадастаўляецца бацьку (айчыму) пры выкананні астатніх умоў. Рэалізаваць права на назначэнне сямейнага капіталу можна толькі адзін раз.

У Беларусі будзе прадоўжана выкарыстанне створаных механізмаў падтрымкі сям'і - фарміраванне сямейнага капіталу, аказанне матэрыяльнай дапамогі шматдзетным сем'ям да навучальнага года, прадастаўленне шырокага спектра сацыяльных паслуг сем'ям з дзецьмі і інш. У 2016-2020 гадах сямейная палітыка накіравана на захаванне дасягнутых паказчыкаў нараджальнасці, умацаванне інстытута сям'і. Гэта прадугледжана падпраграмай "Сям'я і дзяцінства" Дзяржаўнай праграмы "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на бягучую пяцігодку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі