Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 лютага 2016, 13:30

"Даведнік дыпламата" выпусцяць у Беларусі

3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Даведнік дыпламата" плануе выпусціць выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", паведаміў сёння журналістам дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Уладзіміра Андрыевіча, у гэтым годзе сумесна з Міністэрствам замежных спраў Беларусі і факультэтам міжнародных адносін БДУ рыхтуецца да выхаду ў свет Беларускі энцыклапедычны дыпламатычны слоўнік. "Гэта кніга пакажа, што дыпламатыя на беларускай зямлі з'явілася не сёння, яна існуе яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Можна будзе даведацца аб галоўных дасягненнях дыпламатыі ў Расійскай імперыі, у Савецкім Саюзе. Значных поспехаў змагла дасягнуць і сучасная беларуская дыпламатыя, мы гэта таксама адлюструем на старонках кнігі", - растлумачыў ён.

У Год культуры выдавецтва таксама будзе рыхтавацца да значнай даты - 500-годдзя выдання Бібліі беларускага асветніка Францыска Скарыны (будзе адзначацца ў 2017 годзе). З гэтай нагоды намечана некалькі знакавых праектаў. У прыватнасці, як адзначыла галоўны рэдактар выдавецтва Ларыса Языковіч, настаў час падрыхтаваць энцыклапедыю, прысвечаную першадрукару. Такая энцыклапедыя была выдадзена 25 гадоў таму і ўжо ўстарэла, у сувязі з чым рыхтуецца не перавыданне, а новая энцыклапедыя.

Яшчэ адна кніга, прысвечаная Скарыне, выйдзе ў серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў". Яна рыхтуецца сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і прысвечана сусветнай спадчыне першадрукара, яго кнігам, якія захоўваюцца ў бібліятэках іншых краін. "Гэта будзе ілюстраванае выданне на беларускай і англійскай мовах", - расказала Ларыса Языковіч.

Акрамя таго, Францыску Скарыне будуць прысвечаны выданні з серыі дзіцячай энцыклапедыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі