Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 снежня 2018, 18:11

Даўгабуды і валакіта ў рабоце з інвестарамі - Качанава назвала праблемныя пытанні Мінска

20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выкананне некаторых патрабаванняў і даручэнняў кіраўніка дзяржавы ўладам Мінска выклікае пытанні ў частцы выканальніцкай дысцыпліны. Аб гэтым заявіла сёння кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава на нарадзе з актывам сталіцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Усяго з 2015 года на кантролі ў Адміністрацыі Прэзідэнта знаходзілася 656 даручэнняў кіраўніка дзяржавы, дадзеных Мінгарвыканкаму. "Выканана 471 даручэнне, у тым ліку 30 - з парушэннем тэрмінаў, не выканана 64, або 9,8 працэнта, - адзначыла Наталля Качанава. - Мінгарвыканкам у гэтым сэнсе выглядае крыху лепш, чым некаторыя іншыя органы. У той жа час не ў поўнай меры выкананы патрабаванні Прэзідэнта па вырашэнні такіх вострых пытанняў, як перавышэнне тэрміну будаўніцтва жылых дамоў (а іх у горадзе 10), рэалізацыя некаторых інвестпраектаў, навядзенне парадку ў пытаннях азелянення, кветкавага афармлення сталіцы. Часам патрабуюцца неаднаразовыя напаміны па выкананні даручэнняў".

У рабоце з інвестарамі, падкрэсліла Наталля Качанава, дзеянні гарадскіх улад часам выглядаюць так, нібыта яны не зацікаўлены ў развіцці бізнесу. Яна нагадала аб выпадках, калі пабудаваныя аб'екты некалькі гадоў не ўводзіліся ў эксплуатацыю з-за адсутнасці элементарнай узгодненасці ў дзеяннях асобных службаў і ведамстваў горада.

"Відавочна, што эфектыўнасць работы людзей у любой арганізацыі залежыць ад кадравага патэнцыялу. Стан кадравай работы Мінгарвыканкама мае патрэбу ў сур'ёзнай карэкціроўцы. Сведчанне таму - самы нізкі рэйтынг сталічных улад сярод рэгіёнаў у сістэме дзяржаўнага кіравання краіны, - дадала Наталля Качанава. - Трэба актыўней праводзіць ратацыю кадраў, удзяляючы самую сур'ёзную ўвагу падбору і расстаноўцы, улічваючы дзелавыя якасці, кампетэнтнасць і прафесіяналізм. Больш дзейсна працаваць са спецыяльнай групай рэзерву, запрашаць правераныя кадры з іншых рэгіёнаў краіны, эфектыўней практыкаваць атэстацыю кіруючых работнікаў". Сур'ёзны ўдар па рэпутацыі ўлады наносяць факты карупцыі сярод службовых асоб.

"Для эфектыўнай работы ў горада ёсць усё - і паўнамоцтвы, і магчымасці, і рэсурсы. Неабходна ўзгодненасць дзеянняў усёй вертыкалі ўлады, аб'ектыўны і прафесійны падыход да даручанай справы", - сказала на заканчэнне Наталля Качанава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі