Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 чэрвеня 2016, 16:01

ДАІ рэкамендуе вадзіцелям адмовіцца ад далёкіх паездак у спёку

24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе вадзіцелям адмовіцца ад далёкіх паездак у спёку, паведамляе БЕЛТА.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у выхадныя дні чакаецца спёка да 34 градусаў. Ва ўпраўленні ДАІ МУС адзначылі, што ў такіх умовах надвор'я вадзіцелі хутчэй стамляюцца, іх увага рассейваецца, а рэакцыя значна пагаршаецца. У многіх людзей з'яўляецца галавакружэнне, млявасць, санлівасць. Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе вадзіцелям па магчымасці адмовіцца ад стомных далёкіх паездак, асабліва калі ў аўтамабілі няма кандыцыянера.

Пры неабходнасці сесці за руль важна кантраляваць сваё самаадчуванне, не знаходзіцца доўгі час за рулём. Адпраўляючыся ў дарогу, трэба браць з сабой пітную ваду, праверыць у аптэчцы наяўнасць неабходных лякарстваў, а таксама - спраўнага вогнетушыцеля ў аўтамабілі.

Рэкамендацыі не выходзіць у час дзённай спёкі на вуліцу адрасаваны і пешаходам, якія маюць праблемы са здароўем.

У пятніцу і выхадныя дні ДАІ арганізуе ўзмоцнены варыянт нясення службы. Супрацоўнікі арыентаваны на аказанне дапамогі ўдзельнікам дарожнага руху ва ўмовах гарачага надвор'я, забеспячэнне бяспечных умоў руху, спыненне найбольш небяспечных парушэнняў ПДР як з боку вадзіцеляў, так і пешаходаў.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена выяўленню матацыклістаў і аўтааматараў, якія селі за руль у стане ап'янення, якія не маюць права кіравання, спыненню парушэнняў устаноўленых скорасных рэжымаў, правіл манеўравання і абгону, кантролю выкарыстання вадзіцелямі і пасажырамі сродкаў пасіўнай бяспекі - рамянёў, моташлемаў, дзіцячых утрымліваючых устройстваў.

У прыватнасці, з 15.00 24 чэрвеня да 23.00 26 чэрвеня арганізуецца масіраваная адпрацоўка аўтамабільнай дарогі М3 Мінск - Віцебск, у час якой будзе выкарыстаны галосны, негалосны і змешаны кантроль выканання ўдзельнікамі дарожнага руху патрабаванняў ПДР.

Акрамя таго, супрацоўнікі ДАІ будуць забяспечваць грамадскі парадак і бяспеку дарожнага руху ў месцах масавага адпачынку грамадзян. Інспектары ДПС пракантралююць фізічны стан вадзіцеляў, выкананне правіл прыпынку і стаянкі.

Рэйдавыя групы спецыяльнага падраздзялення ДПС "Страла" МУС накіраваны ў раёны з найбольш напружанай абстаноўкай у сферы бяспекі дарожнага руху.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі