Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 мая 2016, 10:37

ДАІ: "Мёртвыя зоны" ў аглядзе вадзіцеляў грузавікоў ствараюць рызыку для пешаходаў-дзяцей

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Мёртвыя зоны" ў аглядзе вадзіцеляў грузавікоў ствараюць рызыку для пешаходаў-дзяцей, паведаміла БЕЛТА старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Фрунзенскага РУУС сталіцы Алёна Волчак.

"Галоўная небяспека, што чакае дзіця, якое апынулася каля грузавога аўтамабіля, - наяўнасць так званых "мёртвых зон". Вадзіцель, знаходзячыся за рулём, аб'ектыўна не можа кантраляваць абстаноўку ў іх, што можа прывесці да няшчаснага выпадку", - расказала Алёна Волчак.

Яна таксама растлумачыла, што згодна з даследаваннямі, прычына большасці ДТЗ з удзелам грузавога транспарту - чалавечы фактар. "У групе рызыкі знаходзяцца дзеці, і часам самыя нескладаныя правілы паводзін на дарозе, а асабліва ў выпадку, калі ўдзельнікам дарожнага руху становіцца велікагрузны аўтамабіль, могуць захаваць дзіцяці жыццё", - адзначыла прадстаўнік ДАІ.

Алёна Волчак дадала, што АДАІ Фрунзенскага раёна г. Мінска сумесна з дылерам аднаго з вядомых сусветных вытворцаў грузавікоў правёў у сталіцы акцыю, якая стала часткай спецыяльнага комплекснага мерапрыемства "Увага - дзеці!" і міжнароднай сацыяльнай кампаніі Stop, Look, Wave (Спыніся, паглядзі, памахай). Яна прайшла на базе адной з сярэдніх школ.

"Асноўны сэнс вельмі просты і выяўляецца ў лёгка запамінальнай формуле "Спыніся, паглядзі, памахай". Дзіцяці трэба звярнуць на сябе ўвагу вадзіцеля і пераканацца ў тым, што яго ўбачылі", - растлумачыла Алёна Волчак. У інтэрактыўнай форме пры дапамозе ілюстрацый і схем дзецям расказалі аб розных відах грузавой тэхнікі, яе габарытах, асаблівасцях манеўравання, спецыяльных гукавых сігналах, а таксама аб ключавых правілах паводзін на дарозе, па якой рухаецца грузавы аўтамабіль.

За тэарэтычнай часткай быў праведзены і практычны занятак, на якім выкарыстоўваліся цацачныя мадэлі грузавікоў. Дзеці сумесна з інструктарам стварылі розныя патэнцыяльна небяспечныя дарожныя сітуацыі і паспрабавалі манеўраваць грузавіком так, каб ён не закрануў абазначаныя перашкоды. Заключным этапам акцыі стаў занятак у двары школы з сапраўдным грузавым аўтамабілем, нядаўна сабраным на заводзе. "Дзеці пад наглядам трэнера і педагогаў наглядна пераканаліся ў наяўнасці абмежаваных вуглоў агляду вакол грузавіка. Пакуль адна група школьнікаў знаходзілася ў кабіне, другая спрабавала ўстанавіць з імі знадворку зрокавы кантакт, адзначаючы "мёртвыя зоны" конусамі і каляровай крэйдай", - расказала старшы інспектар.

У канцы кожнае дзіця адказала на пытанні невялікага тэста па пройдзеным матэрыяле і атрымала за паспяховы ўдзел у трэнінгу спецыяльнае пасведчанне і сувеніры. У акцыі прынялі ўдзел 130 пяцікласнікаў з пяці класаў. "Самае складанае ў рабоце з дзецьмі - пастаянна ўтрымліваць іх увагу, аднак праграма спецыяльна распрацавана такім чынам, каб уключыць дзяцей у працэс абмеркавання і даць магчымасць ім самастойна прыйсці да пэўных высноў. Такая інфармацыя засвойваецца лепш, хутчэй, што і паказаў тэст у канцы заняткаў", - рэзюмавала Алёна Волчак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі