Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 кастрычніка 2019, 11:36

ДАІ і "Белнафтахім" расказалі, як падрыхтавацца да зімняга аўтасезона

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя і канцэрн "Белнафтахім" у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА нагадалі аўтаўладальнікам, што неабходна зрабіць пры падрыхтоўцы да зімы.

Першае, на што звяртае ўвагу ДАІ, гэта замена летніх шын на зімнія. "У адпаведнасці з заканадаўствам тры зімнія месяцы на аўто павінны стаяць зімнія шыны, - нагадаў афіцыйны прадстаўнік УДАІ МУС Станіслаў Салавей. - Гэта шыны, на якіх ёсць адна з трох маркіровак: сняжынка ў контуры гары, літары М і S (паміж імі могуць быць розныя знакі) або надпіс all seasons". Таксама варта праверыць, ці працуюць "дворнікі", ці заліта "незамярзайка".

"Калі выпаў снег, то перад пачаткам руху трэба ачысціць ад яго свой аўтамабіль, каб забяспечыць агляд, пачысціць паваротнікі, фары. Таксама не трэба забываць праграваць аўто", - прадоўжыў Станіслаў Салавей.

Што датычыцца ваджэння, ДАІ рэкамендуе ўлічваць умовы надвор'я. Так, пры з'яўленні галалёду трэба на пачатку руху паспрабаваць рэзка затармазіць на невялікай скорасці ў бяспечным месцы. Гэта трэба, каб адчуць, як аўтамабіль паводзіць сябе на дарозе. Важна помніць, што з выпадзеннем снегу павялічваецца тармазны шлях.

У "Белнафтахіме" лічаць, што галоўны фактар, які можа выклікаць ускладненні з пункту гледжання эксплуатацыі транспартнага сродку ў зімні перыяд, - гэта выкарыстанне паліва, якое не адпавядае сезону. "Таму важна своечасова выкарыстаць запасы дызельнага паліва, якія ёсць у баку і не адпавядаюць сезону, і запоўніць бак зімнім дызпалівам", - нагадвае намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Сізоў.

Ён таксама раіць аўтаўладальнікам своечасова мяняць масла, а таксама маслены і паліўны фільтры. "Калі застанецца нейкая частка летняга паліва, могуць адбыцца адклады парафінаў. Адпаведна, гэта прывядзе да складанасцей з эксплуатацыяй транспартнага сродку", - растлумачыў Уладзімір Сізоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі