7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да 28 градусаў цяпла чакаецца на поўдні Беларусі ў выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
"Па-ранейшаму ў многіх рэгіёнах краіны назіраецца дэфіцыт ападкаў. За май і першыя дні чэрвеня па краіне ў асноўным выпала каля палавіны нормы ападкаў, а ў некаторых рэгіёнах і таго менш. Напрыклад, у Жлобінскім раёне ў чэрвені наогул не было дажджу, а за паўтара месяца выпала толькі 10 працэнтаў кліматычнай нормы. Прычына таго - перавага антыцыкланальнага характару надвор'я. І ў бліжэйшыя дні змянення сітуацыі не чакаецца. Аднак радуе тое, што на змену халоднаму антыцыклону з замаразкамі прыходзіць цёплы антыцыклон", - сказалі ў Белгідрамеце.
У пятніцу, 8 чэрвеня, уплываць на надвор'е будзе вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі днём па поўначы праявіцца ўплыў франтальнага раздзелу. Чакаецца пераменная воблачнасць і пераважна без ападкаў. Удзень па паўночным усходзе пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах навальніцы. Вецер ноччу прагназуецца няўстойлівы слабы, днём паўднёва-заходні, заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ў начныя і ранішнія гадзіны панізіцца да 5-11 градусаў вышэй за нуль, у другой палавіне дня будзе вагацца ад плюс 19 па паўночным усходзе да 27 градусаў цяпла па паўднёвым захадзе краіны.
У суботу і нядзелю, 9-10 чэрвеня, Беларусь апынецца пад уплывам антыцыклону са Скандынаўскага паўвострава. Будзе пераважна без ападкаў. Вецер прагназуецца няўстойлівы слабы. Тэмпература паветра ўначы складзе 7-14 градусаў вышэй за нуль, па паўночным усходзе - плюс 3-6. Днём будзе 18-25 градусаў цяпла, у паўднёвых раёнах - 26-28 градусаў цяпла.
У пачатку наступнага тыдня будзе па-летняму цёпла і без ападкаў. У панядзелак, 11 чэрвеня, тэмпература паветра ўначы складзе 7-14 градусаў вышэй за нуль, удзень - 20-26 градусаў цяпла. Па паўднёвым захадзе ноччу будзе плюс 15-16, удзень - 27-29 градусаў цяпла.-0-