Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 верасня 2017, 16:22

Да 22 градусаў цяпла і ў асноўным без ападкаў будзе ў Беларусі ў выхадныя

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да 22 градусаў цяпла і пераважна без ападкаў будзе ў Беларусі ў выхадныя, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

"У бліжэйшыя суткі чакаецца дажджлівае надвор'е. Далей з-за скандынаўскага антыцыклону, які будзе паступова ўзмацняць свой уплыў над надвор'ем, усталюецца малавоблачнае камфортнае надвор'е. Ноччу і раніцай будзе па-асенняму халаднавата: да плюс 5-6, дзённая тэмпература будзе цягнуцца да 20-градусных адзнак. Тэмпература ў трэцяй дэкадзе верасня чакаецца на 1-2 градусы вышэйшай за кліматычную норму", - сказаў Дзмітрый Рабаў.

У пятніцу надвор'е ў Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты і цёплая паветраная маса, якая паступае з паўднёвага ўсходу. Ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём пераважна па паўднёвым захадзе краіны пройдуць дажджы. Ноччу і раніцай у многіх раёнах, днём месцамі чакаюцца навальніцы. На большай частцы тэрыторыі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 10-16 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе 20-26 градусаў цяпла, па захадзе - плюс 15-19.

У суботу пераважна без ападкаў, толькі па поўдні пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ноччу складзе 6-13 градусаў вышэй за нуль, днём - 15-22 градусы цяпла.

У асноўным не чакаецца ападкаў і ў нядзелю, толькі ў некаторых раёнах па паўднёвым захадзе Беларусі магчымы невялікія кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ноччу складзе 5-12 градусаў вышэй за нуль, днём - 14-21 градус цяпла.

У панядзелак прагназуецца пераважна без ападкаў, ноччу ў крайніх паўднёва-заходніх раёнах магчымы невялікія кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 6-13 градусаў вышэй за нуль, днём - 14-21 градус цяпла.

У аўторак і сераду будзе пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 4-11 градусаў вышэй за нуль, днём - 12-19 цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі